1 Кіроўцу хору. Сынам Карэя. Псалом.
2 Слухайце ўсе народы,
Зразумейце ўсе насельнікі сусвету.
3 Земнародныя і сыны чалавечыя,
Бедныя і багатыя.
4 Вусны мае выкажуць прамудрасць,
І розум ў разважанні сэрца майго.
5 Да прыповесці прыхілю вуха мае,
Загадкі мае ў струнах псалціры адчыню.
6 Чаго мне баяцца ў дзень судны,
Калі бяззаконне шляхоў маіх абыдзе мяне?
7 Хто спадзяецца на сілу сваю
І хваліца багаццем сваім вялікім.
8 І брат нават не вымаліць яго,
Не дасць ён Богу выкуп за душу ягоную.
9 Кошту няма за ратаванне душы сваёй,
І не будзе такога ўвек,
10 Каб жыць без канца
І не ўбачыць магілы.
11 Вось бачыш, і мудрыя паміраюць разам з невукамі,
Загінаюць і пакідаюць чужым багацце свае.
12 І гроб — жыллё іх навекі і жытло вечнае ад роду да роду,
І клічуць зямлю імёнамі іх.
13 Не разумеюць людзі гонара свайго,
Прыпадабняюцца скату неразумнаму, і робяцца як скот.
14 На шляху сваім блазнавалі,
І ідучыя за імі таксама шлях гэты дабраславяць.
15 Яны як авечкі ў пекле і смерць пасвіць іх, і правядныя хутка запануюць над імі,
І не дапаможа ім ніхто ў пекле, і славы сваёй не ўбачаць болей.
16 Але збавіць Бог ад пекла мяне,
Калі прыме да Сябе.
17 Не зайздросць, калі разбагацее хто,
Ці калі памножыцца слава дому яго.
18 Бо калі памрэ, то не возьме нічога,
І слава ягоная не пойдзе за ім.
19 Дабраславіўся ён у жыці сваім,
І славіў цябе, калі патураў яму.
20 Але пойдзе да роду бацькоў сваіх,
Што ніколі не ўбачаць святла.
21 І чалавек, што ў пашане жыве, і не разумее гэта,
Неразумнай жывёле падобны.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалцір, псальм 48

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Міхаіл Астапчык.
© 2005−2015