Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Самуэля 15 2 Самуэля 15 разьдзел

1 І сталася пасьля гэтага, што Абсалом справіў сабе калясьніцу і коней, і пяцьдзясят мужчынаў, беглі перад абліччам ягоным.
2 І ўставаў Абсалом рана, і станавіўся каля дарогі пры браме. І кожнага, хто з нейкай справай судовай зьвяртаўся да валадара на суд, клікаў Абсалом да сябе і казаў: «З якога ты гораду?» Той казаў: «Слуга твой з такога і такога калена Ізраіля».
3 І Абсалом казаў яму: «Глядзі, справа твая добрая і слушная, але ў валадара ты ня знойдзеш нікога, хто б цябе выслухаў».
4 І казаў Абсалом: «Калі б хто мяне паставіў судзьдзёю над зямлёй? Тады прыходзілі б да мяне ўсе, што маюць спрэчку або справу судовую, і я паводле праведнасьці [судзіў бы іх]».
5 І калі падыходзіў чалавек, каб пакланіцца яму, ён працягваў руку, і абдымаў яго, і цалаваў яго.
6 І рабіў Абсалом так з кожным Ізраільцянінам, які прыходзіў на суд да валадара, і здабываў Абсалом сэрцы Ізраільцянаў.
7 Праз чатыры гады сказаў Абсалом валадару: «Пайду я ў Хеўрон і споўню шлюбаваньне маё, якое я абяцаў ГОСПАДУ.
8 Бо калі слуга твой быў у Гешуры Сірыйскім, я шлюбаваў, кажучы: “Калі верне мяне ГОСПАД назад у Ерусалім, буду служыць ГОСПАДУ”».
9 І сказаў яму валадар: «Ідзі ў супакоі». І той устаў, і пайшоў у Хеўрон.
10 І паслаў Абсалом таемных весьнікаў у-ва ўсе калены Ізраіля, кажучы: «Калі пачуеце гук рогу, гаманіце: “Абсалом [абраны] валадаром у Хеўроне”».
11 І з Абсаломам выйшлі з Ерусаліму дзьвесьце чалавек, і пайшлі ў шчырасьці [сэрца], ня ведалі нічога.
12 І паслаў Абсалом у час складаньня ахвяраў, і паклікаў Ахітафэля з Гіло, дарадцу Давіда, з гораду ягонага Гіло. І ўмацавалася змова, і народ зыходзіўся і павялічваўся вакол Абсалома.
13 І прыйшоў весьнік да Давіда, кажучы: «Сэрца ўсяго Ізраіля з Абсаломам».
14 І сказаў Давід усім слугам, якія [былі] з ім у Ерусаліме: «Уставайце! Уцякайма! Бо ня будзе нам ратунку перад абліччам Абсалома. Сьпяшайцеся ўцячы, каб не дагнаў ён нас раптам і каб ня выгубіў нас, і каб вострывам мяча ня зьнішчыў гораду».
15 І слугі валадара сказалі валадару: «Усё, што вырашыць гаспадар наш, валадар, вось, мы, слугі твае, [выканаем]».
16 І выйшаў валадар, і ўвесь дом ягоны нагамі сваімі, і пакінуў валадар дзесяць жанчынаў наложніцаў сьцерагчы дом.
17 І выйшаў валадар, і ўвесь народ нагамі сваімі, і затрымаліся яны пры апошнім доме.
18 І праходзілі пад рукою ягонай усе слугі ягоныя, усе Керэты, усе Пэлеты і ўсе тыя, якія прыйшлі з Гату, шэсьцьсот чалавек, якія нагамі сваімі прыйшлі з Гату перад аблічча валадара.
19 І сказаў валадар Іттаю з Гату: «Навошта ты ідзеш разам з намі? Вярніся і застанься з валадаром, бо ты — чужынец і выгнанец з бацькаўшчыны тваёй.
20 Учора прыйшоў ты, а сёньня я змушаю цябе ісьці блукаць разам з намі, і я сам ня ведаю, куды іду. Вярніся і забяры братоў тваіх, і міласэрнасьць і праўда [няхай будуць] з табой».
21 І адказаў Іттай валадару, і сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывы гаспадар мой, валадар! Толькі там, дзе будзе гаспадар мой, валадар, на сьмерць ці на жыцьцё, там будзе і слуга твой».
22 І сказаў Давід Іттаю: «Ідзі і праходзь!» І перайшоў [Кедрон] Іттай з Гату і ўсе людзі ягоныя, і ўсе дзеці ягоныя, якія з ім.
23 А ўся зямля плакала голасам вялікім, і ўвесь народ пераходзіў [Кедрон], і валадар перайшоў ручай Кедрон, і ўвесь народ накіраваўся па дарозе ў пустыню.
24 І вось, Цадок, і з ім усе лявіты, несучы Каўчэг Запавету Божага. І паставілі яны Каўчэг Божы, і Абіятар стаяў, пакуль увесь народ ня выйшаў з гораду.
25 І сказаў валадар Цадоку: «Занясіце Каўчэг Божы ў горад. Калі я знайду ласку ў вачах ГОСПАДА, Ён верне мяне, і я ўбачу Яго і жытло Ягонае.
26 А калі Ён скажа: “Ня маю ўпадабаньня ў табе”, вось я, няхай Ён робіць, што добрае ў вачах Ягоных».
27 І сказаў валадар Цадоку сьвятару: «Ці ж ты не відушчы? Вяртайся ў горад у супакоі. Ахімаац, сын твой, і Ёнатан, сын Абіятара, абодва сыны вашыя [застануцца] з вамі.
28 Вось, я буду чакаць на раўнінах пустыні, пакуль ня прыйдзе да мяне слова ад вас, якое вы паведаміце мне».
29 І вярнулі Цадок і Абіятар Каўчэг Божы ў Ерусалім, і засталіся там.
30 А Давід узыходзіў на гару Аліўную, узыходзіў і плакаў, галава ягоная была закрытая, і ён ішоў босы. І ўвесь народ, які [быў] з ім, ішоў з закрытымі галовамі, і ўзыходзілі, і плакалі.
31 І паведамілі Давіду, кажучы: «Ахітафэль у змове з Абсаломам». І сказаў Давід: «ГОСПАДЗЕ, зрабі неразумнай раду Ахітафэля».
32 І калі Давід узыйшоў на вяршыню [гары], дзе пакланяліся Богу, вось, пераняў яго Хушай Аркеец у разьдзёртым адзеньні і з [пасыпанай] зямлёй галавой.
33 І сказаў яму Давід: «Калі ты пойдзеш са мною, будзеш для мяне цяжарам.
34 А калі вернешся ў горад і скажаш Абсалому: “Я, валадару, слуга твой. Як раней я быў слугой бацькі твайго, так цяпер буду слугой тваім!”, і ты ўдарэмніш раду Ахітафэля адносна мяне.
35 там з табою Цадок і Абіятар, сьвятары. І ўсе словы, якія пачуеш у доме валадара, перакажаш Цадоку і Абіятару, сьвятарам.
36 Вось, з імі два сыны іхнія, Ахімаац у Цадока і Ёнатан у Абіятара. Праз іх перакажаш кожнае слова, якое пачуеш».
37 І ўвайшоў Хушай, сябра Давіда, у горад. І Абсалом увайшоў у Ерусалім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023