Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Самуэля 20 2 Самуэля 20 разьдзел

1 І быў там нейкі чалавек Бэліяла на імя Шэва, сын Біхры, Бэн’ямінец. Ён затрубіў у рог і сказаў: «Ня маем мы часткі з Давідам, ані спадчыны з сынам Есэя! Ізраіль, [ідзі] ў намёты свае!»
2 І ўсе людзі Ізраілю адыйшлі ад Давіда [і пайшлі] за Шэваю, сынам Біхры. А людзі Юды засталіся пры валадару сваім ад Ярдану аж да Ерусаліму.
3 І прыйшоў валадар у дом свой у Ерусаліме, і ўзяў валадар дзесяць наложніцаў, якіх пакідаў пільнаваць дом, і памясьціў іх у дом пад вартай, і забясьпечваў іх [усім], але больш да іх не прыходзіў, і былі яны ўвязьненыя аж да дня сьмерці сваёй, быццам удовы пры жыцьці [мужа].
4 І сказаў валадар Амасе: «Скліч да мяне ўсіх мужчынаў Юды на трэці дзень, а ты стань тут».
5 І пайшоў Амаса, каб склікаць людзей Юды, і замарудзіў на вызначаны час, які быў яму прызначаны.
6 І сказаў Давід Абішаю: «Цяпер Шэва, сын Біхры, горшы для нас, чым Абсалом. Ты зьбяры слугаў гаспадара свайго і дагані яго, каб не знайшоў ён сабе гораду ўмацаванага і ня ўцёк перад вачыма нашымі».
7 І пайшлі з ім людзі Ёава, Керэты, і Пэлеты, і ўсе волаты. І выйшлі яны з Ерусаліму даганяць Шэву, сына Біхры.
8 Яны былі каля вялікага камяня, які ў Гібэоне, калі выйшаў насустрач ім Амаса. А Ёаў быў узброены, і на сьцёгнах ягоных на поясе вісеў меч у похвах, які зручна ўваходзіў і выходзіў.
9 І сказаў Ёаў Амасе: «Ці супакой у цябе, браце мой?» І ўзяў Ёаў Амасу правай рукой за бараду, каб пацалаваць яго.
10 І Амаса не заўважыў мяча ў другой руцэ Ёава, а [Ёаў] ударыў ім у жывот ягоны, і нутро ягонае вылілася на зямлю, і ўжо не паўтарыў [удару]. І той памёр. А Ёаў і брат ягоны Абішай перасьледавалі Шэву, сына Біхры.
11 І адзін са слугаў Ёава затрымаўся, і сказаў: «Хто прыхільны Ёаву і хто за Давіда, [няхай ідз з Ёавам!»
12 А Амаса ляжаў скрываўлены сярод гасьцінца. І ўбачыў той чалавек, што людзі спыняюцца, і перацягнуў Амасу з гасьцінца на поле, і накрыў яго вопраткай, бо бачыў, што ўсе, якія праходзяць, спыняюцца каля яго.
13 І калі ён прыняў Амасу з гасьцінца, кожны чалавек пайшоў за Ёавам у пагоню за Шэваю, сынам Біхры.
14 І прайшоў Ёаў праз усе калены Ізраіля аж да Абэль-Бэт-Маахі. І ўсе [сыны] Бээры сабраліся і пайшлі за ім.
15 І вось, прыйшлі яны, і абляглі [Шэву] ў Абэль-Бэт-Маасе, і насыпалі вал кругом гораду, і сталі перад мурам. І ўвесь народ, якія [быў] з Ёавам, намагаўся разбурыць муры.
16 І нейкая разумная жанчына з гораду закрычала: «Слухайце, слухайце! Скажыце Ёаву, няхай ён падыйдзе сюды, і я пагавару з ім».
17 І ён наблізіўся да яе, і сказала жанчына: «Ці ты Ёаў?» Ён сказаў: «Я». І яна сказала яму: «Паслухай, што скажа служка твая». Ён сказаў: «Слухаю».
18 І сказала яна, кажучы: «Даўней так гаварылі: “Няхай спытаюцца ў Абэлі”, і так скончвалі [справу].
19 Я — мірны і верны [горад] у Ізраілі, а ты хочаш усьмерціць горад і [зруйнаваць] маці [гарадоў] Ізраіля. Навошта ты нішчыш спадчыну ГОСПАДА?»
20 І адказаў Ёаў, і сказаў: «Далёка, далёка гэта ад мяне, каб я разбураў або нішчыў.
21 Ня ў гэтым справа. Вось, чалавек з гары Эфраіма, Шэва, сын Біхры, імя ягонае, падняў руку сваю на валадара Давіда. Выдайце яго, і я адыйду ад гораду». І сказала жанчына Ёаву: «Вось, галава ягоная будзе перакінута табе праз мур».
22 І выйшла яна да ўсяго народу з мудрасьцю сваёй, і адсеклі галаву Шэвы, сына Біхры, і кінулі яе Ёаву. І ён затрубіў у рог, і адыйшлі ад гораду кожны ў намёт свой. А Ёаў вярнуўся ў Ерусалім да валадара.
23 І Ёаў [быў ]над усім войскам Ізраіля, а Бэная, сын Егаяды — над Керэтамі і Пэлетамі,
24 Аданірам — над зборам даніны; Язафат, сын Ахілюда — канцлер,
25 Шэва — пісар, Цадок і Абіятар — сьвятары.
26 І таксама Іра з Яіру быў святаром у Давіда.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023