Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Летапісаў 18 2-я Летапісаў 18 разьдзел

1 І было ў Язафата шмат багацьця і славы; і ён пасваячыўся з Ахавам.
2 І пайшоў ён праз некалькі гадоў да Ахава ў Самарыю. І ахвяраваў Ахаў мноства авечак і валоў для яго і для людзей, што з ім, і намовіў яго ісьці на Рамот Гілеадзкі,
3 І сказаў Ахаў, валадар Ізраіля, Язафату, валадару Юды: «Ці пойдзеш са мною на Рамот Гілеадзкі?» Той сказаў яму: «Як ты, так і я; як народ твой, так і народ мой; і я [буду] з табою на вайне».
4 І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Спытайся сёньня слова ГОСПАДА».
5 І сабраў валадар Ізраіля прарокаў чатырыста чалавек, і сказаў ім: «Ці ісьці нам на вайну на Рамот Гілеадзкі, ці стрымацца?» І яны сказалі: «Ідзі, і Бог аддасьць [яго] ў руку валадара».
6 І сказаў Язафат: «Ці няма тут яшчэ прарока ГОСПАДА? І мы спытаемся ў яго».
7 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ёсьць адзін чалавек, каб праз яго спытацца ў ГОСПАДА; але я ненавіджу яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрае, але ўсе дні свае [прарочыць] ліхое. Гэта Міхей, сын Імлі». І сказаў Язафат: «Не кажы так, валадару».
8 І паклікаў валадар Ізраіля аднаго эўнуха, і сказаў: «Прывядзі хутчэй Міхея, сына Імлі».
9 А валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, сядзелі кожны на пасадзе сваім, апранутыя ў шаты валадарскія. І сядзелі яны каля ўваходу ў брамы Самарыі; і ўсе прарокі прарочылі перад імі.
10 І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Кенааны, рогі жалезныя, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Імі будзеш бадаць Сірыйцаў, пакуль ня выгубіш іх”».
11 І ўсе прарокі прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот Гілеадзкі, і будзеш мець посьпех, і аддасьць ГОСПАД [яго] ў руку валадара».
12 А пасланец, які пайшоў клікаць Міхея, прамовіў да яго, кажучы: «Вось, словы прарокаў аднолькава добрыя для валадара. І няхай слова тваё, прашу, будзе, як аднаго з іх, і ты гавары добрае».
13 І сказаў Міхей: «Як жывы ГОСПАД! Што скажа мне Бог, тое я буду гаварыць».
14 І прыйшоў ён да валадара, і сказаў яму валадар: «Міхею, ці ісьці нам на вайну на Рамот Гілеадзкі, ці стрымацца?» І той сказаў: «Ідзіце, і будзеце мець посьпех, і яны будуць аддадзены ў рукі вашыя».
15 І сказаў яму валадар: «Колькі разоў я павінен прысягаю абавязваць цябе, каб ты гаварыў мне толькі праўду ў імя ГОСПАДА?»
16 І ён сказаў: «Я бачыў увесь Ізраіль, расьцярушаны на гарах, як авечкі, у якіх няма пастуха. І сказаў ГОСПАД: “Няма ў іх гаспадара, няхай вернуцца кожны ў дом свой у супакоі”».
17 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ці не казаў я табе, што ён не прарочыць мне добрае, але толькі ліхое?»
18 І сказаў [Міхей]: «Таму слухайце слова ГОСПАДА. Я бачыў ГОСПАДА, Які сядзеў на пасадзе Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла праваруч і леваруч Яго.
19 І сказаў ГОСПАД: “Хто намовіць Ахава, валадара Ізраіля, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Гілеадзкім?” І казалі, і адзін казаў так, а другі казаў гэтак.
20 І выступіў [адзін] дух, і стаў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: “Я намоўлю”. І сказаў яму ГОСПАД: “Як?”
21 Той сказаў: “Я выйду і буду духам хлусьлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных”. І сказаў [Госпад]: “Ты намовіш, і атрымаецца ў цябе; ідзі і зрабі гэтак”.
22 І цяпер, вось, ГОСПАД даў духа хлусьлівага ў вусны прарокаў тваіх, і ГОСПАД прамовіў пра цябе ліхое».
23 І наблізіўся Сэдэкія, сын Кенаана, і ўдарыў Міхея па шчацэ, і сказаў: «Якім гэта шляхам адыйшоў ад мяне Дух ГОСПАДА, каб гаварыць з табою?»
24 І сказаў Міхей: «Вось, ты ўбачыш [гэта] ў той дзень, калі будзеш бегаць з пакою ў пакой, каб схавацца».
25 І сказаў валадар Ізраіля: «Вазьміце Міхея, і завядзіце яго да Амона, начальніка гораду, і да Ёаша, сына валадарскага,
26 і скажыце: “Гэта сказаў валадар. Пасадзіце яго ў вязьніцу і давайце яму хлеб скупа і ваду скупа, пакуль я вярнуся ў супакоі”».
27 І сказаў Міхей: «Калі ты сапраўды вернешся ў супакоі, не прамаўляў ГОСПАД праз мяне». І сказаў: «Слухайце, усе людзі!»
28 І пайшоў валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, на Рамот Гілеадзкі.
29 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бітву, а ты апрані шаты свае». І пераапрануўся валадар Ізраільскі, і яны пайшлі ў бітву.
30 А валадар Сірыі загадаў начальнікам калясьніцаў сваіх, якія былі ў яго, кажучы: «Ня біцеся ані з малым, ані з вялікім, але толькі з валадаром Ізраіля».
31 І сталася, што ўбачылі начальнікі калясьніцаў Язафата і сказалі: «Гэта валадар Ізраіля», — і атачылі яго, каб біцца з ім. І закрычаў Язафат, і ГОСПАД дапамог яму, і адвёў іх Бог ад яго.
32 І сталася, што ўбачылі начальнікі калясьніцаў, што гэта не валадар Ізраіля, і павярнулі ад яго.
33 І адзін чалавек ненарокам нацягнуў лук і трапіў у валадара Ізраіля паміж поясам і панцырам. І той сказаў возьніку: «Павярні руку тваю і вывязі мяне з табару, бо я паранены».
34 І разгарэлася бітва ў той дзень, і валадар Ізраіля стаяў на калясьніцы супраць Сірыйцаў аж да вечара, і памёр у часе заходу сонца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісаў, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023