1 І паставілі жыхары Ерусаліму за валадара пасьля яго Ахазію, найменшага сына ягонага, бо ўсіх старэйшых забіла дружына, якая прыходзіла з Арабамі на табар [Егарама]. І пачаў валадарыць Ахазія, сын Егарама, валадара Юды.
2 Дваццаць два гады было Ахазіі, калі ён заваладарыў, і адзін год ён валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонае — Аталія, дачка Омры.
3 Ён таксама хадзіў шляхамі дому Ахава, бо маці ягоная была дарадніцай ягонай у нягоднасьці.
4 І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, як дом Ахава, бо яны былі дарадцамі ягонымі пасьля сьмерці бацькі ягонага на загубу яму.
5 Таксама паводле рады іхняй ён выйшаў і пайшоў з Ярамам, сынам Ахава, валадаром Ізраілю, на вайну з Хазаэлем, валадаром Сірыі, у Рамот Гілеадзкі. І паранілі Сірыйцы Ярама,
6 і вярнуўся ён у Ізраіль лячыцца ад ранаў, якія ён атрымаў у Раме, калі ваяваў з Хазаэлем, валадаром Сірыі. І Ахазія, сын Егарама, валадар Юды, прыйшоў убачыць Ярама, сына Ахава, у Ізраіль, бо той быў хворы.
7 І ад Бога было на загубу Ахазіі, што ён прыйшоў да Ярама. І, прыйшоўшы, ён выйшаў з Ярамам супраць Егу, сына Німшы, якога памазаў ГОСПАД на выгубленьне дому Ахава.
8 І сталася, калі Егу чыніў суд над домам Ахава, ён знайшоў князёў Юды і сыноў братоў Ахазіі, якія служылі Ахазіі, і забіў іх.
9 І ён шукаў Ахазію, і схапілі яго, калі ён хаваўся ў Самарыі, і прывялі яго да Егу, і забілі яго, і пахавалі яго, бо казалі: «Ён — сын Язафата, які шукаў ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім». І не было [нікога] ў доме Ахазіі, хто меў бы сілу валадарыць.
10 І Аталія, маці Ахазіі, убачыўшы, што памёр сын ейны, устала і выгубіла ўсё насеньне валадарскае ў доме Юды.
11 Але Егашават, дачка валадара, узяла Ёаша, сына Ахазіі, і выкрала яго спасярод забіваных сыноў валадарскіх, і завяла ў пакой спальны яго і карміцельку ягоную; і Егашават, дачка валадара Егарама, жонка Егаяды сьвятара, якая была сястрой Ахазіі, схавала [Ёаша] перад абліччам Аталіі, і тая не забіла яго.
12 І быў ён у іх у Доме Божым хаваны шэсьць гадоў, а Аталія валадарыла ў зямлі [Юды].
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другая кніга Летапісаў, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023