Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Летапісаў 34 2-я Летапісаў 34 разьдзел

1 Восем гадоў было Ёсіі, калі ён пачаў валадарыць, і трыццаць адзін год ён валадарыў у Ерусаліме.
2 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не адхіляўся ані ўправа, ані ўлева.
3 А ў восьмым годзе валадараньня свайго, а ён быў яшчэ юнак, ён пачаў шукаць Бога Давіда, бацькі свайго, а ў дванаццатым годзе пачаў ачышчаць Юду і Ерусалім ад узвышшаў, і ад Астартаў, і ад ідалаў, і ад [ідалаў] літых.
4 І разбурылі перад ім ахвярнікі Баалаў; і выявы сонца, якія былі па-над імі, ён парэзаў; і Астартаў, і ідалаў рэзьбленых і ідалаў літых ён скрышыў і сьцёр на пыл, і расьцярушыў на абліччы магілаў тых, якія складалі ім ахвяры;
5 і косткі сьвятароў Баалаў ён спаліў на ахвярніках іхніх, і ачысьціў Юду і Ерусалім.
6 І ў гарадах Манасы, Эфраіма і Сымона аж да Нэфталі, і ў спустошаных ваколіцах іхніх
7 ён разьбіў ахвярнікі і Астартаў, і ідалаў рэзьбленых стоўк і сьцёр на пыл, і пасек усе выявы сонца ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля; і вярнуўся ў Ерусалім.
8 А ў васямнаццатым годзе валадараньня свайго, пасьля ачышчэньня зямлі і Дому [Божага], ён паслаў Шафана, сына Ацаліі, і Маасэю, начальніка гораду, і Ёаха, сына Ёахаза, канцлера, каб направіць Дом ГОСПАДА, Бога свайго.
9 І прыйшлі яны да Хількіі, вялікага сьвятара, і аддалі срэбра, прынесенае ў Дом Божы, якое лявіты, што вартуюць парогі, сабралі з рук Манасы і Эфраіма і ўсёй рэшты Ізраіля, і ад усяго Юды і Бэн’яміна, і ад жыхароў Ерусаліму,
10 і аддалі яго ў рукі тых, што рабілі працу, прызначаную для Дому ГОСПАДА, а тыя далі яго працаўнікам, якія рабілі ў Доме ГОСПАДА, каб направіць і ўмацаваць Дом [Божы].
11 І яны далі цесьлярам і будаўнікам на купляньне чэсаных камянёў і дрэва на кроквы і бэлькі, якія панішчылі валадары Юды.
12 І людзі гэтыя рабілі працу сумленна; і былі прызначаныя над імі Яхат і Абадыя, лявіты з сыноў Мэрары, і Захарыя і Мэшулам з сыноў Кегата. І ўсе лявіты гэтыя зналіся на музычных інструмэнтах.
13 І былі яны над тымі, якія носяць цяжары, і кіраўнікамі над тымі, якія рабілі працу пры ўсякім служэньні. І з лявітаў [былі] і пісары, і наглядчыкі, і прыдзьвернікі.
14 І калі яны вымалі срэбра, прынесенае ў Дом ГОСПАДА, Хількія, сьвятар, знайшоў кнігу Закону ГОСПАДА, [дадзеную] праз рукі Майсея.
15 І адказаў Хількія, і сказаў Шафану, пісару: «Я знайшоў кнігу Закону ў Доме ГОСПАДА». І Хількія аддаў кнігу Шафану.
16 І прынёс Шафан кнігу валадару, і прынёс валадару слова, кажучы: «Усё, што даручана ў рукі слугаў тваіх, яны робяць»;
17 І насыпалі срэбра, якое было знойдзенае ў Доме ГОСПАДА, і далі яго ў рукі кіраўнікоў [працы] і ў рукі тых, што робяць працу.
18 І паведаміў Шафан пісар валадару, кажучы: «Кнігу даў мне Хількія сьвятар». І чытаў яе Шафан перад абліччам валадара.
19 І сталася, калі пачуў валадар словы Закону, ён разьдзёр шаты свае.
20 І загадаў валадар Хількіі, і Ахікаму, сыну Шафана, і Абдону, сыну Міхі, і Шафану пісару, і Асаі, слузе валадара, кажучы:
21 «Ідзіце, спытайцеся ў ГОСПАДА пра мяне і пра тых, што засталіся ў Ізраілі і ў Юдзе, адносна словаў знойдзенай Кнігі гэтай. Бо вялікі гнеў ГОСПАДА, які выліты на нас за тое, што не захоўвалі бацькі нашыя слова ГОСПАДА, каб выконваць усё, што напісана ў Кнізе гэтай».
22 І пайшоў Хількія і тыя, якіх [паслаў] валадар, да Хульды прарочыцы, жонкі Шальлюма, сына Хасры, вартаўніка шатаў, — а яна жыла ў новай частцы Ерусаліму, — і гаварылі з ёю пра гэта.
23 І яна сказала ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне:
24 “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў ягоных, усе праклёны, напісаныя ў Кнізе, якую чыталі перад абліччам валадара Юды.
25 За тое, што яны пакінулі Мяне і кадзілі іншым багам, каб гнявіць Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, гнеў Мой выльецца на месца гэтае і ня згасне”.
26 А валадару Юды, які паслаў вас спытацца ГОСПАДА, гэтак скажыце яму: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра словы, якія ты чуў.
27 За тое, што зьмякчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся перад абліччам Бога, калі пачуў словы Ягоныя пра месца гэтае і пра жыхароў ягоных, і ты ўпакорыўся перад абліччам Маім, і разьдзёр шаты свае, і плакаў перад абліччам Маім, Я таксама пачуў [цябе], кажа ГОСПАД.
28 Вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і ты будзеш далучаны да магілы тваёй у супакоі, і вочы твае ня будуць бачыць усяго ліха, якое Я навяду на месца гэтае і на жыхароў ягоных”». І яны вярнуліся да валадара са словам.
29 І паслаў валадар, і сабраў усіх старшыняў Юды і Ерусаліму.
30 І ўвайшоў валадар у Дом ГОСПАДА, і ўсе мужы Юды, і жыхары Ерусаліму, і сьвятары, і лявіты, і ўвесь народ, ад вялікага аж да малога; і ён чытаў у вушы іхнія ўсе словы Кнігі Запавету, якая была знойдзена ў Доме ГОСПАДА.
31 І стаў валадар на месцы сваім, і заключыў запавет перад абліччам ГОСПАДА, каб хадзіць за ГОСПАДАМ і захоўваць прыказаньні Ягоныя, і сьведчаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй, каб выконваць словы запавету, запісаныя ў Кнізе гэтай.
32 І ён схіліў усіх, што знаходзіліся ў Ерусаліме і ў Бэн’яміне, стаяць [у гэтым]. І жыхары Ерусаліму рабілі паводле запавету Бога, Бога бацькоў сваіх.
33 І павыкідаў Ёсія ўсе брыдоты з усіх земляў сыноў Ізраіля, і схіліў усіх, што знаходзіліся ў Ізраілі, служыць ГОСПАДУ, Богу іхняму. У-ва ўсе дні ягоныя яны не адступалі ад ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісаў, 34 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023