1 І прарочылі прароцтвы Агей прарок і Захарыя, сын Іддо, прарокі, да Юдэяў, якія [былі] ў Юдэі і ў Ерусаліме, у імя Бога Ізраіля, [Які] над імі.
2 Тады ўсталі Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і Ешуа, сын Ёцадака, і пачалі будаваць Дом Божы ў Ерусаліме, і з імі прарокі Божыя, якія дапамагалі ім.
3 У той час прыйшоў да іх Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай, і таварышы іхнія, і гэтак сказалі ім: «Хто даў вам дазвол будаваць Дом гэты і аднаўляць сьцены гэтыя?»
4 Тады мы сказалі ім імёны тых людзей, якія будуюць будынак гэты.
5 І было вока Бога іхняга над старшынямі Юдэйскімі, і тыя не спынілі іх, [чакаючы], пакуль яны пашлюць паведамленьне Дарыю, і тады прыйдзе пісьмовая пастанова ў справе гэтай.
6 [Вось] водпіс лісту, які паслаў Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай з таварышамі сваімі, Афарсатхейцамі з Зарэчча, валадару Дарыю.
7 Паведамленьне яны паслалі яму, і ў ім было напісана гэтак: «Дарыю, валадару — супакой усялякі!
8 Няхай будзе вядома валадару, што мы хадзілі ў краіну Юдэйскую, да Дому Бога вялікага; і будуюць яго з камянёў вялікіх, і дрэва ўкладаюць у сьцены; і праца гэтая робіцца старанна і з посьпехам у руках іхніх.
9 Тады мы спыталіся ў старшыняў тых і гэтак сказалі ім: “Хто даў вам загад будаваць дом гэты і сьцены гэтыя аднаўляць?”
10 І звыш таго пра імёны іхнія мы спыталіся ў іх, каб паведаміць табе і напісаць імёны тых людзей, якія галоўныя ў іх.
11 І яны так адказалі нам, кажучы: “Мы — слугі Бога неба і зямлі, і будуем Дом, які быў пабудаваны шмат гадоў таму, і вялікі валадар у Ізраілі будаваў яго і скончыў [будаўніцтва].
12 Але бацькі нашыя ўгнявілі Бога нябеснага, і Ён аддаў іх у руку Навухаданосара, валадара Бабілону, Халдэйца; і Дом гэты ён зруйнаваў, і народ перасяліў у Бабілон.
13 Але ў першы год Кіра, валадара Бабілону, валадар Кір даў загад адбудаваць гэты Дом Божы.
14 І начыньне Дому Божага, залатое і срэбнае, якое Навухаданосар вынес са сьвятыні ў Ерусаліме і перанёс яго ў сьвятыню ў Бабілоне, Кір, валадар, вынес са сьвятыні ў Бабілоне, і яно было прывезена [чалавеку], якога імя Шэшбацар, якога ён прызначыў ваяводам
15 і сказаў яму: "Вазьмі гэтае начыньне і ідзі, занясі яго ў сьвятыню, якая ў Ерусаліме, і няхай Дом Божы будзе адбудаваны на месцы сваім".
16 Тады прыйшоў той Шэшбацар і заклаў падмуркі Дому Божага, які ў Ерусаліме; і ад таго часу аж дагэтуль ён будуецца і яшчэ ня скончаны”.
17 І цяпер, калі валадару гэта [падаецца] добрым, няхай пашукаюць у доме скарбаў валадара, там, у Бабілоне, ці сапраўды валадар Кір даў загад будаваць гэты Дом Божы ў Ерусаліме; і волю валадара пра гэта няхай прышлюць нам».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эзры, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023