1 І адказаў Цафар з Наамы, і сказаў:
2 «Ці ж таму, хто шмат гаворыць, нельга адказаць, або ці чалавек гаваркі апраўдаецца?
3 Ці ж пустая гаворка твая прымусіць людзей маўчаць, і ня будзе каму асароміць цябе?
4 Бо ты сказаў: “Слушная рада мая, і чысты я ў вачах Тваіх”.
5 Але калі б Бог прамовіў слова, і адкрыў вусны Свае да цябе,
6 і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што вышэй за ўсякае разуменьне! І ты даведаешся, што Бог забыўся пра беззаконьні твае.
7 Ці можаш ты сьцяміць глыбіні Божыя, і ці можаш дайсьці да межаў Усемагутнага?
8 Бо Ён — вышэйшы за неба, і што ты зробіш? Ён — глыбейшы за пекла, і як ты нешта будзеш ведаць?
9 Даўжэйшая за зямлю мерка Ягоная і шырэйшая за мора.
10 Калі Ён праходзіць, хто Яго спыніць? Калі ставіць на суд, хто запярэчыць Яму?
11 Бо Ён ведае марнасьць чалавечую і бачыць злачынствы, і ўсё заўважае.
12 І чалавек пусты стане разважлівым, хоць і нараджаецца ён, як асёл дзікі.
13 Калі ты ўмацуеш сэрца тваё і да Яго ўзьнясеш рукі твае,
14 калі беззаконьне, што ў руцэ тваёй, ты адкінеш і ня будзе месца няпраўдзе ў намёце тваім,
15 тады ты падымеш аблічча тваё без правіны, і будзеш моцны, і ня будзеш баяцца.
16 Бо ты забудзешся на гора тваё, і ўзгадаеш пра яго, як пра дождж, што мінуў.
17 І жыцьцё тваё будзе як сьвятло апоўдні, і цемра заясьнее, як сьвітаньне.
18 І будзеш ты пэўны, бо маеш надзею, і глянеш наўкола, і будзеш спаць спакойна.
19 Будзеш адпачываць, і ніхто ня будзе палохаць цябе, і многія будуць шукаць аблічча твайго.
20 А вочы бязбожных сасьлепнуць, і ня будуць яны мець прытулку, і надзея іхняя — стогн душы».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023