1 Чалавек, які народжаны з жанчыны, мае век кароткі і поўны трывогаў.
2 Вырастае кветка, і вяне, і мінае, як цень, і не застаецца.
3 І Ты на такога зьвяртаеш вочы Твае і вядзеш яго на суд з Сабою.
4 Хто ж можа нячыстага зрабіць чыстым? Хіба ніхто!
5 Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных вядомы Табе, і Ты вызначыў яму межы, якіх нельга яму перайсьці,
6 дык адвярні вочы Твае ад яго, няхай ён супачыне, няхай пацешыцца днём, як той найміт.
7 Бо нават дрэва мае надзею. Калі яно было сьсечанае, дык зноў адрасьце, і парасткі свае пускаць не пакіне,
8 і калі састарэе ў зямлі корань ягоны, і пень ягоны ў пяску спарахнее,
9 ад вільгаці вады яно зазелянее і пусьціць галінкі як маладая расьліна.
10 А чалавек калі памрэ, ён адыйшоў, і дзе знойдзеш яго?
11 Зьнікаюць воды з мора, і рэкі высыхаюць да дна.
12 Так і чалавек, калі засьне, не прачнецца, пакуль неба ня счэзьне; ня ўстане, і зо сну свайго не прачнецца.
13 О, каб Ты схаваў мяне ў адхлані і захаваў мяне, пакуль не міне ярасьць Твая, і вызначыў мне час, у які зноў мяне ўзгадаеш.
14 Ці памёршы чалавек зноў будзе жыць? Усе дні службы маёй я чакаю, калі прыйдзе замена мая.
15 Ты паклічаш, і я адкажу Табе, Ты засумуеш за творам рук Тваіх.
16 Бо Ты палічыш нават крокі мае, і будзеш ласкавы адносна грахоў маіх.
17 Ты запячатаеш, як у мяшку, злачынствы мае, і выбеліш правіны мае.
18 Але як гара, падаючы, развальваецца, і як скала зыходзіць з месца свайго,
19 і як вада сьцірае камень, і як плынь падмывае глебу, так і Ты нішчыш надзею ў чалавеку.
20 Ты сьціскаеш яго, і ён адыходзіць у вечнасьць, зьмяняеш аблічча ягонае і адсылаеш яго.
21 Ці ў славе жывуць дзеці ягоныя, ён ня ведае, ці ў ганьбе, ён не разумее.
22 Адчувае ён боль цела свайго, і душа ягоная ў ім самім ные».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023