1 І адказаў Більдад з Шуаху, і сказаў:
2 «Калі пакінеце вы кідаць прамовы? Перш зразумейце, а потым будзем гаварыць.
3 Чаму ты нас лічыш за жывёлу, і мы нячыстыя ў вачах тваіх?
4 Што ты губіш душу тваю ў гневе тваім? Ці ж дзеля цябе апусьцее зямля, і з месца свайго зварухнецца скала?
5 Бо сьвятло бязбожніка патухне, і не застанецца зьнічкі ад агню ягонага.
6 Пацямнее сьвятло ў намёце ягоным, і сьветач, які ў ім, патухне.
7 Звузяцца крокі моцы ягонай, намер ягоны здрадзіць яго.
8 Ублуталіся ў сетку ногі ягоныя, і ходзіць ён паміж пастак.
9 Пятля зловіць нагу ягоную, і пастка сашчэпіцца над ім.
10 Схаваны на зямлі пасткі для яго, і сіло чакае яго на дарозе.
11 Палохаюць яго жахі і аблутваюць ногі ягоныя.
12 Зьнікае ад голаду дужасьць ягоная, і загуба падрыхтаваная рэбрам ягоным.
13 Хвароба зьесьць скуру ягоную, і зжарэ часткі цела ягонага першародны сьмерці.
14 Зьнікне надзея ягоная з намёту яго, і пагоняць яго да валадара жахаў.
15 Будзе ён жыць у намёце, але не ў сваім, і жытло ягонае будзе пасыпана серкаю.
16 Зьнізу падсечаны карані ягоныя, а зьверху вянуць галінкі ягоныя.
17 Памяць пра яго зьнікне з зямлі, і ня будзе слаўлена імя ягонае на плошчах.
18 Прагоняць яго са сьвятла ў цемру, і ўвесь сьвет будзе гнаць яго.
19 Ня будзе ані сына, ані ўнука ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў месцы вандраваньня ягонага.
20 У дзень ягоны аслупянеюць нашчадкі, і сучаснікаў ахопіць жудасьць.
21 Такое вось жытло грэшніка, і такое месца таго, хто ня ведае Бога».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023