1 Я заключыў запавет з вачамі маімі, каб не глядзець мне на дзяўчыну.
2 Якая ж доля мая ў Бога на вышыні, і якая спадчына ад Усемагутнага на вышынях?
3 Ці ж не загуба [прызначана] для ліхотніка, і няшчасьце — для злачынцы?
4 Ці ж Ён ня бачыць шляхоў маіх і ня лічыць усе крокі мае?
5 Ці ж хадзіў я ў марнасьці, і ці ж нага мая сьпяшалася да подступу?
6 Няхай узважыць Ён мяне на вагах справядлівых, і няхай ведае Бог невінаватасьць маю.
7 Калі зыходзіў крок мой са шляху, і пайшло за вокам маім сэрца маё, і запляміла рукі мае што нячыстае,
8 няхай я пасею, а есьці будзе іншы, і нашчадкі мае будуць вырваныя з каранямі.
9 Калі сэрца маё зьвяла жанчына, і калі цікаваў я пры дзьвярах бліжняга майго,
10 няхай жонка мая меле для другога, і няхай іншыя прыхіляюцца да яе.
11 Бо гэта брыдота, злачынства, што падлягае суду.
12 Гэта агонь, які палае для Абадону, які выкараняе ўсю маёмасьць маю.
13 Калі я адмовіў суду слузе майму і служцы маёй, калі яны спрачаліся са мною,
14 што я буду рабіць, калі паўстане Бог? І калі Ён наведае мяне, што я адкажу Яму?
15 Ці ж ня Той, Хто мяне ўфармаваў ва ўлоньні, уфармаваў і яго; і ва ўлоньні [маці] ўкшталтаваў нас Адзіны?
16 Ці ж адмовіў я ў просьбе ўбогім і ці засмуціў вочы ўдавы?
17 Ці я адзін зьядаў кавалак свой, і ці ня еў яго сірата?
18 Бо ад маленства гадаваў я яго, як бацька, і вёў яго ад улоньня маці.
19 Калі я бачыў таго, што гіне без адзеньня, або бедака, што ня меў чым накрыцца,
20 ці ж не дабраслаўлялі мяне сьцёгны ягоныя, калі грэла іх воўна авечак маіх?
21 Калі я падымаў руку маю на сірату, калі бачыў у браме дапамогу сабе,
22 няхай адпадзе рамяно ад сьпіны маёй, і няхай рука мая адломіцца ад локця.
23 Бо страшнае мне было пакараньне Божае, перад веліччу Яго я не магу ўстаяць!
24 Ці ў золаце я меў спадзяваньне? І ці золату чыстаму я казаў: “Надзея мая”?
25 Ці цешыўся я дзеля мноства багацьцяў маіх, што рука мая столькі прыдбала?
26 Калі я бачыў сонца, як яно зьзяе, або месяц, які ў яснасьці плыве,
27 ці спакусіўся я таемна ў сэрцы маім, і ці цалавалі вусны мае руку маю?
28 Гэта было б злачынства, што падлягае суду, бо я адрокся б ад Бога на вышынях.
29 Ці я цешыўся з падзеньня таго, хто ненавідзеў мяне, і ці радаваўся, што яго напаткала няшчасьце?
30 Але я не даваў грашыць паднябеньню майму, каб праклінаць душу ягоную.
31 Ці ж не гаварылі людзі намёту майго: “Хто ж не насыціўся мясам ягоным!”
32 На двары не заставаўся прыхадзень, брама мая была адкрытая для падарожнікаў.
33 Ці ўтойваў я грэх мой як [іншы] чалавек, і ці хаваў за пазухай правіну маю?
34 Тады б я баяўся грамады вялікай, і пагарда бліжніх палохала б мяне, і маўчаў бы я, і не выходзіў за дзьверы.
35 Хто мне дасьць таго, хто паслухае мяне? Вось подпіс мой. Няхай Усемагутны адкажа мне! Вось кніга, якую напісаў супраціўнік мой,
36 каб я насіў яе на плячах маіх і налажыў яе сабе, як вянец.
37 Я паведамлю яму лік крокаў маіх і пайду да яго, як да начальніка.
38 Калі б жалілася на мяне зямля мая, і з ёй плакалі барозны ейныя,
39 што плады ейныя я еў бяз срэбра, і што крыўдзіў душу ўласьніка яе,
40 няхай замест пшаніцы родзіцца мне калючка, а замест ячменю — кукаль!» Скончыліся словы Ёва.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 31 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023