1 І гаварыў Элігу, і сказаў:
2 «Мудрыя, слухайце словы мае, і знаўцы, прыхіліце вушы да мяне.
3 Бо вуха выспрабоўвае словы, як паднябеньне смакуе страву.
4 Разьбяромся між сабою, што слушнае, і зразумеем, што добрае.
5 Бо Ёў сказаў: “Я — праведны, а Бог пазбавіў мяне суду.
6 Ці буду я казаць хлусьліва пра праўду маю? Небясьпечная рана мая, а я без віны”.
7 Ці ёсьць такі чалавек, як Ёў, які п’е зьнявагі, як ваду,
8 і ідзе разам са злачынцамі, і ходзіць з людзьмі бязбожнымі?
9 Бо ён сказаў: “Няма карысьці чалавеку, калі ён дагаджае Богу”.
10 Дык паслухайце мяне, людзі разумныя! Бог далёкі ад няправасьці, і Усемагутны — ад беззаконьня.
11 Бо Ён паводле ўчынкаў аднагароджвае чалавеку, паводле шляхоў кожнага аднагароджвае яму.
12 Сапраўды, Бог ня чыніць несправядлівасьці, і Усемагутны не перакручвае суд.
13 Хто даручыў Яму зямлю? Хто паставіў Яго над усім сусьветам?
14 Калі б Ён накіраваў да Сябе сэрца Сваё, і ўзяў да Сябе Духа Свайго і дыханьне Сваё,
15 тады загінула б кожнае цела, і чалавек перамяніўся б у парахно.
16 Калі ты маеш розум, паслухай гэта, прыхілі вуха на голас словаў маіх.
17 Ці той, хто ненавідзіць суд, можа кіраваць? Ці асудзіш ты Найправеднейшага?
18 Ці можна сказаць валадару: “Нягоднік”, або начальнікам: “Бязбожнікі”.
19 Але Ён не глядзіць на абліччы князёў і ня лічыць багатага вышэй за ўбогага. Бо ўсе яны — творы рук Ягоных.
20 Неспадзявана паміраюць яны, і сярод ночы паўстае народ, і яны зьнікаюць, і моцных выганяюць не рукой [чалавека].
21 Бо вочы Ягоныя — над шляхамі чалавека, і Ён бачыць усе крокі ягоныя.
22 Няма цемры, ані змроку, каб там маглі схавацца злачынцы.
23 Бо Ён не прызначае чалавеку тэрмін, каб той ішоў да Бога на суд.
24 Ён зьнішчае магутных без запытаньня і на іх месца стаўляе іншых.
25 Ён ведае ўчынкі іхнія і скідвае іх ноччу, і яны гінуць.
26 Ён ударае іх за бязбожнасьць іхнюю на бачным месцы
27 за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не разумелі ўсіх шляхоў Ягоных.
28 Бо дайшоў да Яго крык убогіх, і Ён пачуў стагнаньне прыгнечаных.
29 Калі Ён супакоіць, хто можа асудзіць? Калі схавае аблічча Сваё, хто можа ўбачыць Яго? Будзе гэта і для народу, і для аднаго чалавека,
30 каб не валадарыў чалавек нягодны і ня быў ён пасткай для народу.
31 Трэба казаць да Бога: “Я нясу [пакараньне], ня буду больш грашыць.
32 Чаго я ня бачу, Ты навучы мяне. Калі я зрабіў злачынства, болей гэтага рабіць ня буду”.
33 На [думку] тваю, ці павінен Ён адплаціць [табе], бо ты адкідаеш [гэта]? Бо ты сам, а ня я выбіраеш [казаць гэта]. А калі ведаеш што [больш], скажы.
34 Людзі разумныя скажуць мне, і чалавек мудры, які слухае мяне, [прамовіць]:
35 “Ёў неразумна кажа, і словы ягоныя без разуменьня”.
36 Няхай будзе Ёў дасьледаваны да канца, паводле адказаў ягоных, якія ўласцівыя людзям беззаконным.
37 Бо ён дадае да грахоў сваіх правіну, і сярод нас пляскае ў далоні, і памнажае прамовы свае супраць Бога».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ёва, 34 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023