1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.
2 Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, і прасьцяг апавядае пра творы рук Ягоных.
3 Дзень дню пераказвае вестку, і ноч ночы выказвае веданьне.
4 Бяз гуку, бяз словаў, ня чутны голас іхні.
5 Па ўсёй зямлі разыходзіцца гучаньне іхняе, а мова іхняя — да краю сусьвету. На іх Ён паставіў намёт для сонца,
6 і яно як жаніх выходзіць з пакою свайго, яно радасна гукае, як волат, калі прабег сьцяжыну сваю.
7 Ад краю неба выходзіць яно і бяжыць да краю ягонага, і нішто не схаваецца ад гарачыні ягонай.
8 Закон ГОСПАДА беззаганны, ён навяртае душу. Сьведчаньне ГОСПАДА вернае, яно робіць мудрым неразумнага.
9 Загады ГОСПАДА слушныя, яны радуюць сэрца. Прыказаньне ГОСПАДА яснае, яно прасьвятляе вочы.
10 Страх перад ГОСПАДАМ чысты, ён будзе трываць вечна. Суды ГОСПАДА праўдзівыя, а таксама справядлівыя.
11 Яны больш пажаданыя, чым золата, больш, чым золата найчысьцейшае, і саладзейшыя за мёд і мёд сотавы.
12 І слуга Твой праз іх будзе навучаны. Хто захоўвае іх, [будзе мець] нагароду вялікую.
13 Хто зразумее памылкі свае? Ад схаваных [грахоў] вызвалі мяне!
14 І трымай далёка слугу Твайго ад свавольства, няхай яно нада мною не пануе. Тады я буду беззаганны і ня буду мець пакараньня за правіну вялікую.
15 Няхай словы вуснаў маіх і разважаньні сэрца майго будуць даспадобы Табе, ГОСПАДЗЕ, Скала мая і Абаронца мой!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 19

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023