1 Давіда. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, узьнімаю я душу маю.
2 Божа мой! На Цябе спадзяюся; ня дай мне быць асаромленым, ня дай ворагам маім быць нада мной пераможцамі.
3 Бо ўсе, якія на Цябе спадзяюцца, ня будуць асаромленыя. Будуць асаромлены тыя, якія адступаюцца без прычыны.
4 ГОСПАДЗЕ, дай мне ведаць шляхі Твае, навучы мяне сьцежкам Тваім.
5 Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты — Бог збаўленьня майго, на Цябе спадзяюся ў-ва ўсякі дзень.
6 Узгадай пра літасьць Тваю, ГОСПАДЗЕ, і пра міласэрнасьць Тваю, бо яны — ад вякоў.
7 Пра грахі маладосьці маёй і пра правіны мае ня ўзгадвай. Паводле міласэрнасьці Тваёй Ты ўзгадай пра мяне, дзеля добрасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ!
8 ГОСПАД добры і справядлівы, таму Ён будзе навучаць шляху [Свайму] грэшнікаў.
9 Ён прывядзе ўцісканых на суд і навучыць уцісканых шляху Свайму.
10 Усе сьцежкі ГОСПАДА — міласэрнасьць і праўда для тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і сьведчаньні Ягоныя.
11 Дзеля імя Твайго, ГОСПАДЗЕ, даруй мне беззаконьне маё, бо надта яно вялікае!
12 Хто той чалавек, які баіцца ГОСПАДА? Яго Ён навучыць шляху, які [трэба] выбраць яму.
13 Душа ягоная будзе жыць у добрым, і насеньне ягонае зямлю ў спадчыну возьме.
14 Таямніца ГОСПАДА з тымі, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён дае ім ведаць.
15 Вочы мае заўсёды [глядзяць] на ГОСПАДА, бо Ён выцягне з сеткі ногі мае.
16 Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, бо я — самотны і прыгнечаны.
17 Трывогі сэрца майго пашырыліся, выцягні мяне з бедаў маіх!
18 Глянь на пакуты мае і нядолю маю, і даруй мне ўсе грахі мае!
19 Глянь на ворагаў маіх, бо шмат іх, і нянавісьцю злачыннаю яны ненавідзяць мяне.
20 Захавай душу маю і выратуй мяне, каб ня быў я асаромлены, бо я ў Табе маю надзею.
21 Беззаганнасьць і праведнасьць няхай захаваюць мяне, бо я на Цябе спадзяюся.
22 Божа, збаў Ізраіля ад усіх трывогаў ягоных!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 25

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023