Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Прыповесьцяў 17 Прыповесьцяў 17 разьдзел

1 Лепш сухая луста ў супакоі, чым дом, поўны заколатай жывёлы, са сваркамі.
2 Разумны слуга будзе панаваць над шалапутным сынам і між братоў будзе дзяліць спадчыну.
3 Літавальны гаршчок — для срэбра, і горан — для золата, а сэрцы выпрабоўвае ГОСПАД.
4 Ліхотнік зважае на вусны нягодныя, хлус слухае язык згубны.
5 Хто насьміхаецца з беднага, той зьневажае Творцу ягонага, і хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне пакараньня.
6 Карона старых — сыны сыноў, і слава сыноў — бацькі іхнія.
7 Не пасуе бязглуздаму паважная мова, тым больш шляхетнаму вусны брахлівыя.
8 Хабар — каштоўны камень у вачах гаспадара яго, куды толькі зьвернецца ён, будзе мець посьпех.
9 Хто прыкрывае правіну, шукае любові, а хто паўтарае слова, разьдзяляе сяброў.
10 Мацней дзейнічае нагана на разумнага, чым сто ўдараў на дурнога.
11 Ліхадзей шукае толькі непаслухмянства, таму бязьлітасны анёл будзе пасланы супраць яго.
12 [Лепш] спаткаць мядзьведзіцу, пазбаўленую дзяцей, чым дурня ў неразумнасьці ягонай.
13 Хто адплочвае злом за дабро, у таго зло не адыйдзе ад дому ягонага.
14 Пачатак звадкі — прарыў вады, перш, чым спрэчка пачнецца, пакінь [яе].
15 Той, хто апраўдвае злачынцу, і той, хто вінаваціць праведніка, — абодва агіда для ГОСПАДА.
16 Навошта грошы ў руцэ дурнога, каб набыць мудрасьці, калі няма розуму?
17 Сябра любіць у кожны час, і ў нядолі робіцца братам.
18 Чалавек, пазбаўлены розуму, дае руку і ручаецца перад абліччам бліжняга свайго.
19 Хто любіць сваркі, любіць грэх, і хто падымае высока вароты свае, шукае загубы.
20 Крывадушнае сэрца ня знойдзе дабра, і язык здрадлівы трапіць у бяду.
21 Хто нараджае неразумнага, [нараджае] на смутак сабе, і бацька бязглуздага ня будзе цешыцца.
22 Радаснае сэрца аздараўляе, [нібы] лекі, а маркотны дух сушыць косткі.
23 Бязбожнік бярэ хабар з-за пазухі, каб скрывіць сьцежкі правасудзьдзя.
24 Перад абліччам разумнага — мудрасьць, а вочы дурня — на канцы зямлі.
25 Сын неразумны — згрызота для бацькі свайго і горыч для той, якая яго нарадзіла.
26 Таксама нядобра караць праведніка і біць шляхетнага за шчырасьць.
27 Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух.
28 Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Прыповесьцяў, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023