Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 38 Ісаі 38 разьдзел

1 У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Дай загад пра дом твой, бо ты паміраеш і ня будзеш жыць”».
2 І павярнуў Эзэкія аблічча сваё да сьцяны, і маліўся да ГОСПАДА,
3 і казаў: «О, ГОСПАДЗЕ, узгадай, што я хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і са шчырым сэрцам і рабіў тое, што добрае ў вачах Тваіх». І плакаў Эзэкія плачам вялікім.
4 І было слова ГОСПАДА да Ісаі, кажучы:
5 «Ідзі і скажы Эзэкіі: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго. Я пачуў малітву тваю, убачыў сьлёзы твае. Вось, Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў,
6 і выратую ад рукі валадара Асірыі цябе і горад гэты, і абараню горад гэты.
7 І гэта вось будзе табе на знак ад ГОСПАДА, што ГОСПАД выканае слова гэтае, якое Ён прамовіў.
8 Вось, Я вярну цень [сонечны] на дзесяць прыступак [гадзіньніка] Ахаза, па якіх сонца ўжо зыйшло па прыступках”». І вярнулася сонца на дзесяць прыступак, па якіх [ужо] зыйшло.
9 Напісанае Эзэкіем, валадаром Юды, калі ён быў захварэў і акрыяў ад хваробы сваёй:
10 «Я сказаў: “У палове дзён маіх мушу ісьці да брамы апраметнай, я пазбаўлены рэшты гадоў маіх”.
11 Я сказаў: “Я ня ўбачу ГОСПАДА, ГОСПАДА ў зямлі жывых; і ня буду больш бачыць чалавека сярод тых, што жывуць у сьвеце”.
12 Жытло маё разабрана і перанесена [далёка] ад мяне, як намёт пастухоў. Я зьвіваю, як ткач, жыцьцё маё; як нітку ад асновы Ён адрывае мяне, з дня да ночы Ён сканчвае [жыцьцё] маё.
13 Я крычаў аж да раніцы. Як леў Ён скрышыў усе косткі мае. З дня да ночы Ён сканчвае [жыцьцё] маё.
14 Я пішчу як ластаўка, як журавель, уздыхаю як галубка, стаміліся вочы мае, [углядаючыся] ўгору. ГОСПАДЗЕ, я прыгнечаны, паручыся за мяне!
15 Што я маю сказаць? Ён што сказаў, тое і ўчыніў мне! Буду паволі ісьці праз усе гады мае ў горычы душы маёй.
16 ГОСПАДЗЕ, гэтым жывуць [людзі] і ў-ва ўсім гэтым — жыцьцё духа майго. Аздараві мяне і ажыві мяне!
17 Вось, супакоем [зрабіў] горыч маю вялікую. Ты вырваў душу маю з ямы загубы, і кінуў за сьпіну Тваю ўсе грахі мае.
18 Бо не апраметная будзе славіць Цябе, і сьмерць ня будзе хваліць Цябе. Ня маюць надзеі на вернасьць Тваю тыя, што зыходзяць у магілу.
19 Жывы, [толькі] жывы будзе славіць Цябе, як я сёньня. Бацька сынам паведаміць пра вернасьць Тваю.
20 ГОСПАД збавіў мяне! І пад граньне музыкаў мы будзем сьпяваць усе дні жыцьця нашага ў Доме ГОСПАДА».
21 І сказаў Ісая: «Няхай возьмуць аладку з фігаў і пакладуць на скулу, і ён ачуняе».
22 І сказаў Эзэкія: «Які знак, што я ўвайду ў Дом ГОСПАДА!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 38 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023