Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 48 Ісаі 48 разьдзел

1 Слухайце гэта, дом Якуба, якія называецеся імем Ізраіля і якія выйшлі з водаў Юды, якія прысягаеце ў імя ГОСПАДА і Бога Ізраіля ўзгадваеце, [хоць] ня ў праўдзе і ня ў праведнасьці.
2 Бо вы ад горада сьвятога называецеся і абапіраецеся на Бога Ізраіля, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
3 Пра мінулае Я здаўна паведаміў вам, з вуснаў Маіх яно выйшла, і Я абвяшчаў пра яго, і раптам зрабіў гэта, і яно сталася.
4 Я ведаў, што ты ўпарты, і што карак твой жалезны, а лоб твой — мядзяны.
5 І Я прадказваў табе даўно, перш чым споўнілася гэта, расказаў табе, каб ты не сказаў: «Ідал мой зрабіў гэта, і адліты ідал мой і рэзьблены ідал мой загадалі гэта».
6 Ты чуў і бачыў усё гэта, хіба цяпер не прызнаеш [гэта]? А цяпер Я абвяшчаю табе новае і таемнае, чаго ты ня ведаеш.
7 Цяпер яно створана, а не здаўна і не за дзень, і ты ня чуў пра гэта, каб ты не сказаў: «Вось, я ведаў гэта».
8 Ты нічога ня чуў, і нічога ня ведаў, і здаўна не адкрылася [гэта] для вуха твайго, бо Я ведаў, што ты здраднікам і бунтаўніком называешся ад улоньня [маці].
9 Дзеля імя Майго Я стрымаю гнеў Мой і дзеля хвалы Маёй стрымаю Сябе, каб ня зьнішчыць цябе.
10 Вось, Я ператапіў цябе, але ня як срэбра, Я выспрабаваў цябе ў печы нядолі.
11 Дзеля Сябе, дзеля Сябе Самога Я раблю [гэта], каб не было зьняважана [імя Маё]. І славы Маёй Я не аддам другому.
12 Слухай Мяне, Якуб, і Ізраіль, якога Я паклікаў. Гэта Я, Я — першы, і Я — апошні.
13 Рука Мая заснавала зямлю, і правіца Мая расьцягнула неба. Я клічу іх, і яны становяцца разам.
14 Зьбярыцеся ўсе і слухайце. Хто з вас распавёў пра гэта? ГОСПАД любіць [яго], і ён выканае волю Ягоную ў Бабілоне, і рамяно Ягонае — на Халдэйцах.
15 Я, Я прамовіў [гэта] і паклікаў яго, прывёў яго і даў посьпех шляху ягонаму.
16 Наблізьцеся да Мяне і паслухайце гэта. Спрадвеку Я не гаварыў патаемна. Ад часу, калі гэта дзеялася, Я быў там. І цяпер Госпад ГОСПАД паслаў Мяне і Дух Ягоны.
17 Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель твой, Сьвяты Ізраіля: «Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вучыць цябе карыснаму, Які вядзе цябе на шляху, па якім ідзеш.
18 Калі б ты зважаў на прыказаньні Мае, стаўся б супакой твой, як рака, і праведнасьць твая — як хвалі марскія.
19 І было б насеньне тваё, як пясок, а нашчадкі ўлоньня твайго — як зярняткі пяску, і не было б зьнішчанае і сьцёртае імя тваё перад абліччам Маім!»
20 Выходзьце з Бабілону, уцякайце ад Халдэйцаў! З гоманам радасьці абвяшчайце, няхай чуюць гэта, разьнясіце гэта аж да краю зямлі, кажыце: «ГОСПАД адкупіў слугу Свайго Якуба».
21 Ня смагнулі яны, калі Ён вёў іх праз пустыні. Ён вывеў ім ваду са скалы, рашчапіў скалу, і пацякла вада.
22 Няма супакою для бязбожнікаў, кажа ГОСПАД.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 48 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023