Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 62 Ісаі 62 разьдзел

1 Дзеля Сыёну ня буду маўчаць, і дзеля Ерусаліму не супачыну, пакуль ня ўзыйдзе, як бляск [зараніцы], праведнасьць ягоная, і збаўленьне ягонае — як паходня, што палае.
2 І ўбачаць народы праведнасьць тваю, і ўсе валадары — славу тваю, і назавуць цябе імем новым, якое вызначаць вусны ГОСПАДА.
3 І ты станеш каронай славы ў руцэ ГОСПАДА і дыядэмай валадарства ў далоні Бога твайго.
4 І ня будуць больш казаць пра цябе “пакінутая”, і пра зямлю тваю ня будуць больш казаць “спустошаная”, бо назавуць цябе “Маё ўпадабаньне ў ёй”, а зямлю тваю — “замужняя”, бо ўпадабаў цябе ГОСПАД, і зямля твая будзе замужам.
5 Бо як юнак жэніцца з дзяўчынаю, так Будаўнік твой ажэніцца з табою, і як жаніх цешыцца з нявесты, так будзе цешыцца з цябе Бог твой.
6 На мурах тваіх, Ерусалім, Я паставіў вартаўнікоў, увесь дзень і ўсю ноч яны ніколі ня будуць маўчаць. Вы, якія нагадваеце пра ГОСПАДА, ня мейце супакою,
7 і Яму не давайце супакою, пакуль Ён не адновіць Ерусалім і пакуль ня зробіць яго хвалою на зямлі.
8 Прысягнуў ГОСПАД правіцай Сваёй і рамяном моцы Сваёй: «Ня дам больш збожжа твайго ворагам тваім, і ня будуць піць сыны чужынцаў маладога віна твайго, над якім ты працаваў.
9 Бо тыя, якія зьбіраюць [збожжа], будуць есьці яго і будуць хваліць ГОСПАДА, і тыя, якія зьбіраюць [вінаград], будуць піць яго на панадворку сьвятыні Маёй».
10 Праходзьце, праходзьце праз браму! Рыхтуйце шлях народу! Прастуйце, прастуйце гасьцінец, прыбярыце камяні! Падыміце сьцяг для народаў!
11 Вось, ГОСПАД абвяшчае аж да краю зямлі: «Скажыце дачцы Сыёну: “Вось, прыходзіць Збаўца твой, вось, плата Ягоная разам з Ім і нагарода Ягоная перад абліччам Ягоным”».
12 І будуць называць іх народам сьвятым, адкупленымі ГОСПАДАМ, а цябе будуць клікаць “Пажаданая”, “Горад непакінуты”.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 62 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023