Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ярэміі 17 Ярэміі 17 разьдзел

1 Грэх Юды запісаны разцом жалезным, вастрыём дыямантавым высечаны на табліцы сэрцаў іхніх і на рагах ахвярнікаў іхніх,
2 каб памяталі сыны іхнія пра ахвярнікі іхнія і пра астартаў іхніх каля дрэваў зялёных на ўзгорках высокіх, на гары ў полі.
3 Багацьце тваё, усе скарбы твае Я аддам на рабунак, [зьнішчу] ўзвышшы твае за ўсе грахі твае ў-ва ўсіх межах тваіх.
4 І ты згубіш спадчыну тваю, якую Я даў табе; і Я зраблю, што ты будзеш служыць у ворагаў тваіх, у зямлі, якой ня ведаеш, бо вы распалілі агонь гневу Майго, і ён будзе гарэць вечна».
5 Гэта кажа ГОСПАД: «Пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і які цела робіць рамяном [сваім], а ад ГОСПАДА адварочваецца сэрца ягонае!
6 І ён будзе як хмызьняк у стэпе, і ня ўбачыць ён, калі прыходзіць добрае. Ён будзе жыць у месцы сухім у пустыні, на зямлі салёнай і бязьлюднай.
7 Дабраслаўлёны чалавек, які спадзяецца на ГОСПАДА, і ГОСПАД — надзея ягоная!
8 І ён як дрэва, якое пасаджана над вадою і да струмянёў пускае карані свае, і ня будзе бачыць яно, калі прыйдзе спякота, і лісьце ягонае будзе зялёным, і ў год засухі ня будзе журыцца, і не перастане даваць плады.
9 Сэрца [чалавека] больш здрадлівае, чым усё [астатняе], і невылечнае; хто спазнае яго?
10 Я, ГОСПАД, дасьледую сэрца і выпрабоўваю ныркі, каб аднагародзіць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле пладоў учынкаў ягоных.
11 Курапатка выседжвае [яйкі], якіх ня зьнесла, і [такі самы] той, хто набывае багацьце няпраўдаю. У сярэдзіне дзён сваіх ён пакіне яго, і пры канцы сваім станецца дурнем».
12 «Пасад славы, узвышаны спрадвеку — гэта месца сьвятыні нашай!
13 Надзея Ізраіля, ГОСПАДЗЕ! Усе, якія пакідаюць Цябе, будуць асаромленыя. Тыя, якія адварочваюцца ад Цябе, будуць запісаныя на зямлі, бо яны пакінулі ГОСПАДА, крыніцу вады жывой.
14 Аздараві мяне, ГОСПАДЗЕ, і буду аздароўлены! Збаў мяне, і буду збаўлены! Бо Ты — хвала мая!
15 Вось, яны кажуць мне: “Дзе слова ГОСПАДА? Няхай яно прыйдзе”.
16 Але я не ўцякаў, каб быць пастырам у Цябе і ня прагнуў дня зьнішчэньня. Ты ведаеш, тое, што выходзіла з вуснаў маіх, было перад абліччам Тваім.
17 Ня будзь для мяне жахам, Ты — прыбежышча маё ў дзень няшчасьця!
18 Няхай будуць асаромленыя тыя, якія перасьледуюць мяне, а я няхай ня буду асаромлены. Няхай яны будуць зьбянтэжаны, а я няхай ня буду зьбянтэжаны. Спашлі на іх дзень ліхі, і падвойным ударам удар іх».
19 Гэта сказаў мне ГОСПАД: «Ідзі і стань у браме сыноў народу, праз якую ўваходзяць валадары Юды і праз якую выходзяць, і ў-ва ўсіх брамах Ерусаліму,
20 і кажы ім: “Слухайце слова ГОСПАДА, валадары Юды, і ўвесь Юда, і ўсе жыхары Ерусаліму, якія ўваходзяць праз брамы гэтыя.
21 Гэта кажа ГОСПАД. Сьцеражыцеся, каб [захаваць] душы вашыя, і не насіце цяжараў у дзень суботы, і ня ўносьце іх праз брамы Ерусаліму.
22 І не выносьце цяжараў з дамоў вашых у дзень суботы, і не рабіце ніякай работы, але сьвяткуйце дзень суботы, як Я загадаў бацькам вашым”.
23 Але яны ня слухалі, і не прыхілілі вуха сваё, але зрабілі цьвёрдым карак свой, каб ня слухаць і не прыняць настаўленьня.
24 І станецца, калі, слухаючы, будзеце слухаць Мяне, кажа ГОСПАД, і ня будзеце ўносіць цяжараў праз брамы гораду гэтага ў дзень суботы, і будзеце сьвяткаваць дзень суботы, і ня будзеце рабіць у гэты [дзень] аніякае работы,
25 будуць уваходзіць праз брамы гораду гэтага валадары і князі, якія сядзяць на пасадзе Давіда, будуць езьдзіць на калясьніцах і конях яны, князі іхнія, мужы Юды і жыхары Ерусаліму, а горад гэты будзе абжыты на вякі.
26 І будуць прыходзіць з гарадоў Юды і з ваколіцаў Ерусаліму, з зямлі Бэн’яміна, з Шэфэлі, з гор і з Нэгеву, прыносячы цэласпаленьні і ахвяры, ахвяры хлебныя і кадзіла і прыносячы ахвяры падзякі ў Дом ГОСПАДА.
27 А калі ня будзеце слухаць Мяне, каб сьвяткаваць дзень суботы, і не насіць цяжараў, уваходзячы праз брамы Ерусаліму ў дзень суботы, Я запалю агонь у брамах ягоных, і ён праглыне палацы Ерусаліму, і ня згасне».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ярэміі, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023