Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ярэміі 20 Ярэміі 20 разьдзел

1 І пачуў Пашхур, сын Імэра, сьвятар, які быў начальнікам і наглядчыкам над Домам ГОСПАДА, Ярэмію, які прарочыў словы гэтыя.
2 І загадаў Пашхур біць прарока Ярэмію і закуць яго ў калоду, якая [была] ў верхняй браме Бэн’яміна, у Доме ГОСПАДА.
3 І сталася назаўтра, што вызваліў Пашхур Ярэмію з калоды. І сказаў яму Ярэмія: «Не Пашхур называе цябе ГОСПАД, але Магор-Місавіў.
4 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я зраблю цябе страхоцьцем для цябе і для ўсіх, хто любіць цябе. Яны ўпадуць ад мяча ворагаў сваіх, а вочы твае будуць глядзець на гэта! Усяго Юду Я выдам у рукі валадара Бабілону, і ён павядзе іх у няволю ў Бабілон, і будзе забіваць іх мячом.
5 І Я аддам усе багацьці гораду гэтага, увесь набытак ягоны і ўсе каштоўнасьці ягоныя, і ўсе скарбы валадароў Юды Я аддам у рукі ворагаў іхніх, каб іх зрабавалі, і забралі, і вывезьлі ў Бабілон.
6 А ты, Пашхур, і ўсе хатнія дому твайго пойдзеце ў палон. І ты пойдзеш у Бабілон, і там памрэш, і будзеш пахаваны ты і ўсе, хто любіць цябе, якім ты прарочыў фальшыва”».
7 «Ты зьвёў мяне, ГОСПАДЗЕ, і я быў зьведзены, Ты дужэйшы [за мяне] і перамог мяне, я стаўся пасьмешышчам увесь дзень, усе зьдзекуюцца з мяне.
8 Бо колькі разоў прамаўляю, крычу і клічу: “Гвалт і зьнішчэньне”. І слова ГОСПАДА сталася для мяне зьнявагай і насьмешкай увесь дзень.
9 І я сказаў: “Ня буду ўзгадваць Яго, і ня буду больш прамаўляць у імя Ягонае!” І стаўся ў сэрцы маім нібы агонь, які палае, што замкнуты ў костках маіх, і я змучыўся трымаць яго, і ня мог.
10 Я чуў абмовы ад многіх: “Жах навокал! Паведаміце, і мы паведамім пра яго!” Усе людзі, якія ў міры са мною, чакаюць падзеньня майго: “Можа, ён будзе падмануты і мы пераможам яго, і адпомсьцім яму”.
11 Але ГОСПАД са мною як волат магутны; таму тыя, што перасьледуюць мяне, спатыкнуцца і не перамогуць, моцна асаромяцца, бо не даб’юцца посьпеху, [атрымаюць] ганьбу вечную, якая не забудзецца.
12 А Ты, ГОСПАД Магуцьцяў, выспрабоўваеш праведніка і бачыш ныркі і сэрца. Няхай я ўбачу помсту Тваю над імі, бо Табе адкрыў я справу маю.
13 Сьпявайце ГОСПАДУ, хваліце ГОСПАДА, бо Ён збавіў душу беднага з рукі злачынцаў.
14 Пракляты той дзень, у якім я нарадзіўся, дзень, у якім нарадзіла мяне маці мая, няхай ня будзе ён дабраслаўлёны.
15 Пракляты той чалавек, які паведаміў бацьку майму, кажучы: “Нарадзіўся ў цябе сын, хлопец”, і радасьцю ўзрадаваў яго.
16 Няхай будзе той чалавек як гарады, якія зьнішчыў ГОСПАД і не пашкадаваў! Няхай чуе ён крык раніцай і гармідар [ваенны] апоўдні,
17 за тое, што не забіў мяне ва ўлоньні [маці], каб сталася для мяне маці мая магілай маёй, а ўлоньне ейнае было цяжарным вечна.
18 Навошта я выйшаў з улоньня [маці]? Каб бачыць гора і смутак, і скончыць дні мае ў ганьбе?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ярэміі, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023