1 І было слова ГОСПАДА да мяне ў дзявятым годзе, у дзясятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, напішы сабе імя дня гэтага, гэтага вось дня, бо валадар Бабілонскі ў дзень гэты пачаў аблогу Ерусаліму.
3 І раскажы гэтаму дому бунтаўнікоў прыповесьць, і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Пастаў кацёл на агонь, пастаў і налі ў яго вады.
4 Укінь у яго кавалкі мяса, усе лепшыя кавалкі, кумпяк і лапатку, напоўні яго найлепшымі косткамі.
5 І вазьмі на гэта найлепшых з авечак, падкладзі [дровы] пад спод так, каб аж косткі разварыліся”.
6 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Гора гораду крыві, катлу, на якім іржа і з якога ржа не зыходзіць. Павыкідай з яго кавалак за кавалкам, жэрабя на іх ня будзе кідацца.
7 Бо кроў ягоная ў сярэдзіне яго, ён разьліў яе на голай скале, ня выліў яе на зямлю, каб прыкрыць яе пылам.
8 Каб распаліць гнеў і адпомсьціць помсту, Я разальлю кроў ягоную на голай скале, каб не была яна прыкрыта”.
9 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Гора гораду крыві! Я таксама павялічу вогнішча.
10 Назьбірай дроваў, распалі агонь, звары мяса, запраў прыправамі, і няхай косткі згараць.
11 І пастаў гэты кацёл пусты на вугольлі, каб ён разагрэўся і разгарэлася медзь ягоная, каб у нутры ягоным растапілася нячыстасьць ягоная і каб зьнікла іржа ягоная.
12 Дарэмная праца, і ня зыйдзе з яго мноства іржы, у агні [застаецца] іржа.
13 У нячыстасьці тваёй распуста. Хоць Я чысьціў цябе, але ты не ачысьціўся ад нячыстасьці тваёй. Дзеля гэтага ня будзеш ачышчаны, пакуль не супакоіцца лютасьць Мая супраць цябе.
14 Я, ГОСПАД, прамовіў, і прыйдзе [гэта]. І Я зраблю, не занядбаю, і ня буду мець літасьці, і ня буду мець спачуваньня. Будзеш асуджаны паводле шляхоў тваіх і паводле ўчынкаў тваіх, кажа Госпад ГОСПАД”».
15 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
16 «Сыне чалавечы, вось, Я адбяру у цябе раптам радасьць вачэй тваіх, але ты не галасі і ня плач, і няхай не цякуць сьлёзы твае.
17 Стагні моўчкі, не рабі жалобы па памёршым, завяжы турбан твой на сабе, азуй сандалы твае на ногі твае, не прыкрывай барады і ня еш хлеба жалобы».
18 І прамаўляў я да народу раніцаю, а ўвечары памерла жонка мая. І я зрабіў назаўтра так, як мне загадана.
19 І народ казаў мне: «Ці ня вытлумачыш нам, што значыць для нас тое, што ты робіш?»
20 І я сказаў ім: «Слова ГОСПАДА было да мяне, кажучы:
21 “Скажы дому Ізраіля: "Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я апаганю сьвятыню Маю, велічнасьць сілы вашай, радасьць вачэй вашых, прагненьне душаў вашых. А сыны вашыя і дочкі вашыя, якіх вы пакінулі, ад мяча загінуць.
22 І вы гэтак зробіце, як я зрабіў: барады ня будзеце прыкрываць, ня будзеце есьці хлеба жалобы,
23 турбаны вашыя [будуць] на галовах вашых і сандалы вашыя на нагах вашых, ня будзеце лямантаваць і ня будзеце плакаць, а будзеце сохнуць дзеля беззаконьняў вашых і будзеце стагнаць адзін перад адным.
24 І будзе Эзэкіэль для вас знакам. Тое, што ён зрабіў, будзеце і вы рабіць, калі гэта прыйдзе, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД".
25 А ты, сыне чалавечы, у дзень, калі Я забяру ад іх сілу іхнюю і радасьць аздобы іхняй, і раскошу вачэй іхніх, і прагненьне душаў іхніх, сыноў іхніх і дочак іхніх,
26 ў той дзень прыйдзе да цябе ўцякач, каб паведаміць вушам тваім [пра гэта].
27 У той дзень адкрыюцца вусны твае перад уцекачом, і ты будзеш прамаўляць, і ня будзеш ужо немы. І ты будзеш для іх знакам, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Эзэкіэля, 24 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023