1 А ты, сын чалавечы, прароч пра горы Ізраіля і кажы: “Горы Ізраіля, слухайце слова ГОСПАДА.
2 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што вораг казаў пра вас: "Ага, узгоркі адвечныя дадзены нам на ўласнасьць",
3 дзеля гэтага прароч і скажы: "Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што пустошылі і тапталі вас адусюль навокал, каб вы сталіся ўласнасьцю рэшты народаў і былі ўзятыя на кончык языка і на прыказку ў народзе,
4 дзеля гэтага, горы Ізраіля, слухайце слова Госпада ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД гарам і ўзгоркам, ярам і лагчынам, руінам спустошаным і гарадам бязьлюдным, якія сталіся здабычай і насьмешкай рэшты народаў, якія навокал.
5 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Сапраўды, у агні рэўнасьці Маёй Я прамовіў супраць рэшты народаў і супраць усяго Эдому, якія ўзялі зямлю Маю на ўласнасьць з радасьцю ўсяго сэрца і з пагардаю ў душы, каб гнаць яе як здабычу"”.
6 Дзеля гэтага прароч пра зямлю Ізраіля і скажы да гор і ўзгоркаў, яроў і лагчынаў: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я прамовіў з рэўнасьцю Маёй і з абурэньнем Маім, бо вы зносіце зьнявагу [з боку] народаў”.
7 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Я ўзьнімаю руку Маю [з прысягаю], што народы, якія вакол вас, панясуць зьнявагу сваю.
8 А вы, горы Ізраіля, пусьціце галіны вашыя і будзеце даваць плады вашыя народу Майму Ізраілю, бо яны наблізіліся, каб прыйсьці [да вас].
9 Бо вось, Я [прыйду] да вас і зьвярнуся да вас, і будуць вас абрабляць і засяваць.
10 І Я памножу на вас людзей, увесь дом Ізраіля, і гарады будуць абжытыя, і руіны будуць адбудаваныя.
11 І Я памножу на вас людзей і жывёлу, яны будуць шматлікія і плодныя, і Я засялю вас так, як у часы старадаўнія, і Я буду рабіць вам добрае [больш], чым у [час] пачатку вашага, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
12 І прывяду зноў на вас людзей, народ Мой Ізраіль, і яны ўспадкаемяць вас, і вы станецеся для іх спадчынай, і ўжо ня будзеце пазбаўляць іх дзяцей”.
13 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што кажуць пра вас: “Ты зьядаеш чалавека і робіш бязьдзетным народ твой”,
14 дзеля гэтага больш ня будзеш зьядаць чалавека і больш ня зробіш бязьдзетным народ твой, кажа Госпад ГОСПАД.
15 І ты не пачуеш больш зьнявагаў ад народаў і насьмешак ад плямёнаў, і больш ня будзеш рабіць бязьдзетным народ твой, кажа Госпад ГОСПАД”».
16 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
17 «Сыне чалавечы, дом Ізраіля жыў на зямлі сваёй, і ён апаганіў яе шляхамі сваімі і ўчынкамі сваімі. Як нячыстасьць месячная жанчыны быў шлях іхні адносна Мяне.
18 І Я выліў на іх гнеў Мой з прычыны крыві, якую яны вылілі на зямлю, і з прычыны ідалаў іхніх, якімі яны апаганілі яе.
19 І Я расьцярушыў іх паміж народаў, і яны расьсеяліся па землях. Паводле шляхоў іхніх і паводле ўчынкаў іхніх Я асудзіў іх.
20 І яны прыйшлі да народаў, і там, куды прыйшлі, яны зьняважылі імя Маё сьвятое, калі казалі пра іх: “Гэта народ ГОСПАДА, і яны выйшлі з зямлі Ягонай”.
21 І Я пашкадаваў імя Маё сьвятое, якое зьняважыў дом Ізраіля сярод народаў, да якіх яны прыйшлі.
22 Дзеля гэтага скажы дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ня дзеля вас Я раблю гэта, доме Ізраіля, але дзеля імя Майго сьвятога, якое вы зьняважылі сярод народаў, да якіх вы прыйшлі.
23 І Я зраблю сьвятым імя Маё вялікае, зьняважанае сярод народаў, якое вы зьняважылі сярод іх, і даведаюцца народы, што Я — ГОСПАД, кажа Госпад ГОСПАД, калі Я выяўлю сьвятасьць Маю сярод вас на вачах іхніх.
24 І Я вазьму вас спасярод народаў, і зьбяру вас з усіх земляў, і прывяду вас у зямлю вашую.
25 І Я пакраплю вас вадою чыстаю, і вы станецеся чыстымі, і ад усякае нячыстасьці вашай і ад усіх ідалаў вашых Я ачышчу вас.
26 І Я дам вам сэрца новае, і духа новага дам у нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з цела.
27 І Духа Майго Я дам у нутро вашае, і зраблю, што паводле пастановаў Маіх вы будзеце хадзіць і суд Мой будзеце захоўваць і выконваць.
28 І вы будзеце жыць у зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце для Мяне народам, а Я буду для вас Богам.
29 І Я вызвалю вас ад усякай нячыстасьці вашай, і паклічу [да вас] збожжа, і памножу яго, і не спашлю на вас голад.
30 І Я памножу плод дрэваў і ўраджай поля, каб вы больш ня мелі ганьбы голаду сярод народаў.
31 І вы ўзгадаеце шляхі вашыя ліхія і ўчынкі вашыя, якія не [былі] добрыя, і будзеце брыдзіцца саміх сябе з прычыны беззаконьняў вашых і брыдотаў вашых.
32 Не дзеля вас Я раблю [гэта], кажа Госпад ГОСПАД, няхай [гэта] будзе вам вядома. Засаромцеся і пачырванейце з прычыны шляхоў вашых, доме Ізраіля.
33 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. У дзень, калі Я ачышчу вас ад усіх беззаконьняў вашых, Я засялю гарады гэтыя, і будуць адбудаваныя руіны,
34 і зямля спустошаная будзе абрабляная, замест таго, каб быць пустэчаю ў вачах кожнага, хто праходзіць.
35 І скажуць: "Гэтая зямля спустошаная сталася, як сад Эдэм, а гэтыя гарады, зьнішчаныя, спустошаныя і зруйнаваныя [сталіся] умацаваныя і населеныя".
36 І даведаюцца народы, якія засталіся вакол вас, што Я, ГОСПАД, адбудаваў зруйнаванае і засадзіў спустошанае. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта] і зрабіў.
37 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Яшчэ ў гэтым Я буду прыхільным да дому Ізраіля, каб зрабіць ім тое, што Я памножу ў іх людзей як авечак.
38 Як авечкі пасьвячоныя, як авечкі Ерусаліму ў [дні] сьвятаў ягоных, так гарады спустошаныя стануцца поўныя лю-дзей як авечак, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Эзэкіэля, 36 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023