Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Осіі 14 Осіі 14 разьдзел

1 Вінаватая Самарыя, бо збунтавалася супраць Бога свайго. Яны ўпадуць ад мяча, немаўляты іхнія будуць пабітыя [аб скалу], і цяжарныя іхнія будуць пасечаныя.
2 Навярніся, Ізраілю, да ГОСПАДА, Бога твайго, бо ты спатыкнуўся ў беззаконьні тваім.
3 Вазьміце з сабою словы і навярніцеся да ГОСПАДА. Скажыце Яму: «Даруй усе беззаконьні і прыймі тое, што добрае, і мы прынясем ахвяру вуснаў нашых.
4 Асірыя ня збавіць нас. Ня будзем езьдзіць на конях і ня будзем казаць “божа наш” вырабу рук нашых. Бо ў Табе знойдзе міласьць сірата».
5 Я вылекую адступніцтва іхняе, палюблю іх ахвотна, бо гнеў Мой адвернецца ад іх
6 Я буду для Ізраіля як раса, ён заквітнее як лілея і пусьціць карані свае [як кедр] на Лібане.
7 Разрастуцца галіны ягоныя і станецца як у аліўкі хараство ягонае, і водар ягоны — як Лібан.
8 Вернуцца яны і будуць сядзець у ценю ягоным, ажывуць, як збожжа, расквітнеюць, як лаза вінаградная, памяць іхняя — як віно Лібану.
9 Эфраім скажа: «Што мне ўжо да ідалаў?» Я адкажу табе і буду глядзець на цябе. Я — як кіпарыс зялёны, дзякуючы Мне ты знаходзіш плод твой.
10 Хто мудры, няхай зразумее гэта, і хто разумны, няхай пазнае, бо простыя шляхі ГОСПАДА, і праведныя будуць хадзіць па іх, а адступнікі спатыкнуцца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Осіі, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023