Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 1 Другазаконьне 1 разьдзел

1 Вось словы, якія прамовіў Майсей да ўсяго Ізраіля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафэлем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам,
2 на адлегласьці ў адзінаццаць дзён [дарогі] ад Харэву праз горы Сэір да Кадэш-Барнэа.
3 І сталася ў саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы [дзень] месяца прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля ўсё, што яму ГОСПАД загадаў сказаць ім.
4 Пасьля перамогі над Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, валадаром Башану, які жыў у Аштароце ў Эдрэі,
5 за Ярданам, у зямлі Мааў, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты, кажучы:
6 «ГОСПАД, Бог наш, прамовіў да нас на Харэве, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары.
7 Павярніцеся і выйдзіце, і ідзіце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгеў, і на бераг мора, у зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да ракі вялікай, ракі Эўфрат.
8 Глядзіце, Я даў вам гэтую зямлю. Увайдзіце, вазьміце на ўласнасьць зямлю гэтую, якую запрысяг ГОСПАД даць Абрагаму, Ісааку і Якубу, і насеньню іхняму пасьля іх”.
9 І сказаў я вам у той час: “Не магу я адзін весьці вас;
10 ГОСПАД, Бог ваш, памножыў вас, і вось, сёньня вы шматлікія, як зоркі ў небе.
11 ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, няхай павялічыць вас у тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам.
12 Як я адзін панясу патрэбы вашыя, цяжары вашыя і спрэчкі вашыя?
13 Выберыце сабе ў каленах вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі”.
14 І адказалі вы мне, і сказалі: “Добрая гэта рэч, якую ты кажаш зрабіць”.
15 І выбраў я тады з начальнікаў каленаў вашых мужоў справядлівых і выспрабаваных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясятнікамі, дзясятнікамі і загадчыкамі працы для каленаў вашых.
16 І загадаў я судзьдзям вашым, кажучы: “Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва між чалавекам і братам ягоным, і прыхаднем.
17 Не глядзіце на аблічча ў судзе, выслухайце як малога, так і вялікага. Ня бойцеся аблічча чалавека, бо гэта суд Божы. А справу, якая для вас будзе цяжкай, прынясіце да мяне, і я выслухаю яе”.
18 І я загадаў вам пра ўсе рэчы, якія вы маеце рабіць.
19 І вырушылі мы ад Харэву і прайшлі ўсю пустыню гэтую, вялікую і страшную, якую вы бачылі, па шляху да гор Амарэйскіх, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш-Барнэа.
20 І я сказаў вам: “Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, якія ГОСПАД, Бог наш, дае нам.
21 Глядзі, ГОСПАД, Бог ваш, даў зямлю перад абліччам вашым, увайдзі і вазьмі яе ў валоданьне, як сказаў табе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і не палохайся”.
22 І падыйшлі вы ўсе да мяне, і сказалі: “Пашлём людзей перад абліччам нашым, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці”.
23 І было добрым у вачах маіх слова гэтае, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужоў, па адным з кожнага калена.
24 І яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі да даліны Эшколь, і агледзелі яе.
25 І ўзялі яны ў рукі свае плады той зямлі, і прынесьлі нам, і паведамілі нам, і сказалі: “Добрая тая зямля, якую дае нам ГОСПАД, Бог наш”.
26 Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова ГОСПАДА, Бога нашага.
27 І наракалі ў намётах сваіх, і казалі: “З нянавісьці да нас вывеў нас ГОСПАД з зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу.
28 Куды пойдзем? Браты нашыя напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: “Народ той шматлікі і большы за нас, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; і бачылі мы таксама там сыноў Анака”.
29 І сказаў я вам: “Не дрыжыце і ня бойцеся іх.
30 ГОСПАД, Бог наш, Які ідзе перад намі, будзе ваяваць за нас, як зрабіў Ён у Эгіпце на вачах нашых,
31 і ў пустыні, дзе ты бачыў, як ГОСПАД, Бог твой, насіў цябе, як носіць чалавек сына свайго, на ўсім шляху, якім вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў месца гэтае.
32 Але вы так і не паверылі слову ГОСПАДА, Бога вашага,
33 Які ішоў перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца для табару вашага — ноччу ў агні, каб асьвятляць вам шлях, якім маеце ісьці, а ўдзень — у воблаку”.
34 І пачуў ГОСПАД голас словаў вашых, і разгневаўся, і прысягнуў, кажучы:
35 “Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я прысягнуў даць бацькам вашым,
36 акрамя Халева, сына Ефунны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я зямлю гэтую, па якой ён хадзіў, бо ён спаўняў [слова] ГОСПАДА”.
37 Таксама на мяне загневаўся ГОСПАД з-за вас, кажучы: “І ты туды ня ўвойдзеш.
38 Егошуа, сын Нуна, які стаіць перад абліччам тваім, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён дасьць Ізраілю ў валоданьне [зямлю].
39 Дзеці вашыя, пра якіх вы гаварылі, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, якія сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць туды; ім Я дам зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю.
40 А вы павярніце і рушце ў пустыню шляхам да Мора Чырвонага”.
41 І адказалі вы мне, і сказалі: “Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш”. І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару.
42 І сказаў ГОСПАД мне: “Скажы ім: "Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо няма Мяне сярод вас, каб не пабілі вас ворагі вашыя"”.
43 І я прамаўляў да вас, і вы не паслухалі, і супрацівіліся слову ГОСПАДА, і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару.
44 І выйшлі супраць вас Амарэйцы, якія жылі на той гары, і пагналі вас, як робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы.
45 І вярнуліся вы, і плакалі перад абліччам ГОСПАДА, але ГОСПАД ня выслухаў голасу вашага і не прыхіліў вуха да вас.
46 І былі вы ў Кадэшы шмат дзён, столькі дзён, колькі там заставаліся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Другазаконьне, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023