Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Карыньцянам 3 2 Карыньцянам 3 разьдзел

1 Ці пачнем ізноў адрэкамэндоўваць сябе [вам]? Ці мы патрабуем, як некаторыя, даручальных лістоў да вас ці даручальных [лістоў] ад вас?
2 Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі.
3 Бо яўна [для ўсіх], што вы — ліст Хрыстовы, напісаны праз служэньне нашае не атрамантам, але Духам Бога Жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца.
4 А гэтакую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста
5 не таму, што мы здольныя залічыць нешта сабе, нібыта праз сябе, але здольнасьць нашая ад Бога,
6 Які даў нам здольнасьць быць служыцелямі Новага Запавету, ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
7 Калі ж служэньне сьмерці, высечанае літарамі на камянях, было ў такой славе, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсея дзеля славы аблічча ягонага, якая зьнікала,
8 дык ці ня шмат больш будзе ў славе служэньне Духа?
9 Бо калі служэньне асуджэньня ёсьць слава, шмат больш багатае славаю служэньне праведнасьці.
10 Бо і тое, што мела славу, не было слаўным у сваёй меры з прычыны бязьмернасьці [будучай] славы.
11 Бо калі мае славу тое, што зьнікае, тым больш у славе тое, што застаецца.
12 Дык, маючы гэткую надзею, дзейнічаем з вялікай адвагаю.
13 І ня так, як Майсей, які ўскладаў заслону на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец таго, што зьнікае.
14 Але скамянелі думкі іхнія, бо тая заслона да сёньня застаецца нязьнятай пры чытаньні Старога Запавету, таму што яна ў Хрысьце зьнішчаецца.
15 Аж да сёньня, калі яны чытаюць Майсея, заслона ляжыць на сэрцы іхнім,
16 а калі хто зьвернецца да Госпада, заслона здымаецца.
17 Госпад ёсьць Дух, а дзе Дух Госпада, там свабода.
18 Мы ж усе, адкрытым абліччам узіраючыся на славу Госпада, перамяняемся ў вобраз Ягоны ад славы ў славу, як ад Духа Госпада.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое пасланьне да Карыньцянаў Апостала Паўла, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023