Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Карыньцянам 5 2 Карыньцянам 5 разьдзел

1 Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зруйнуецца, мы маем пабудову ад Бога, дом, які не рукамі зроблены, вечны ў небе.
2 Бо дзеля гэтага мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашае жытло з неба,
3 каб мы знайшлі сябе апранутымі, а ня голымі.
4 Бо мы, знаходзячыся ў хаціне, уздыхаем пад цяжарам, бо ня хочам пазбыцца [яе], але апрануцца, каб сьмяротнае ахоплена было жыцьцём.
5 На гэта самае і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.
6 Дык мы заўсёды маем пэўнасьць і ведаем, што, жывучы ў целе, жывем па-за Госпадам.
7 Бо мы ходзім вераю, а ня бачаньнем.
8 Дык мы маем пэўнасьць і жадаем лепей жыць па-за целам і жыць у Госпадзе.
9 Дзеля гэтага мы намагаемся, ці жывучы ў Ім, ці па-за Ім, быць даспадобы Яму.
10 Бо ўсе мы мусім зьявіцца перад судовы пасад Хрыста, каб кожны атрымаў за тое, што ён учыніў, будучы ў целе, ці добрае, ці благое.
11 Дык, ведаючы страх Госпадавы, мы пераконваем людзей, а для Бога мы яўныя, і спадзяюся, што і для вашых сумленьняў яўныя.
12 Бо мы не адрэкамэндоўваем сябе вам зноў, але даем вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы [адказ] для тых, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.
13 Бо калі мы дзівачэем, дык дзеля Бога; калі пры розуме, дык дзеля вас.
14 Бо любоў Хрыстова панукае нас, якія гэтак пастанавілі, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
15 І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, якія жывуць, больш не дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Які памёр за іх і ўваскрос.
16 Так што мы адгэтуль нікога ня ведаем паводле цела; а калі і ведалі Хрыста паводле цела, дык цяпер ужо ня ведаем.
17 Так што хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася ўсё новае.
18 Усё ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня.
19 Бо Бог быў у Хрысьце, пагаджаючы з Сабою сьвет, не залічваючы ім праступкаў іхніх, і ўклаў у нас слова прымірэньня.
20 Дык мы спаўняем пасольства замест Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: «Пагадзіцеся з Богам».
21 Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцю Божай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое пасланьне да Карыньцянаў Апостала Паўла, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023