Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Эфэсцам 6 Эфэсцам 6 разьдзел

1 Дзеці, слухайцеся бацькоў сваіх у Госпадзе, бо ў гэтым праведнасьць.
2 «Шануй бацьку твайго і маці», — гэта першае прыказаньне з абяцаньнем:
3 «каб было табе добра, і быў ты даўгалетнім на зямлі».
4 І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у дысцыплінаваньні і напамінаньні Госпадавым.
5 Слугі, слухайцеся гаспадароў паводле цела, са страхам і трымценьнем, у шчырасьці сэрца вашага, як Хрыста,
6 не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але як слугі Хрыстовыя, якія выконваюць волю Божую ад душы,
7 з зычлівасьцю служачы Госпаду, а ня людзям,
8 ведаючы, што кожны, хто зробіць добрае, атрымае тое самае ад Госпада, ці ён нявольнік, ці вольны.
9 І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, паслабляючы пагрозы, ведаючы, што і ў вас саміх Госпад ёсьць у небе, і ў Яго няма ўзіраньня на аблічча.
10 Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ва ўладзе магутнасьці Яго.
11 Апраніцеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб маглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла,
12 бо нашая барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных дзяржаўцаў цемры гэтага веку, супраць духаў зласьлівасьці ў нябёсах.
13 Дзеля гэтага вазьміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у дзень злы і, усё зрабіўшы, застацца стаяць.
14 Дык станьце, падперазаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і апрануўшы панцыр праведнасьці,
15 і абуўшы ногі ў гатовасьць дабравесьціць супакой,
16 і па-над усё ўзяўшы шчыт веры, якім зможаце затушыць усе распаленыя стрэлы злога.
17 І шалом збаўленьня прыйміце, і меч Духа, які ёсьць слова Божае.
18 Усякаю малітваю і просьбаю маліцеся ў-ва ўсякі час у Духу, і ў-ва ўсім гэтым чувайце з усёй настойлівасьцю і просьбамі за ўсіх сьвятых
19 і за мяне, каб мне дадзена было слова, адчыніўшы вусны мае, адважна паведамляць таямніцу Эвангельля,
20 дзеля якога я спаўняю пасольства ў ланцугах, каб у ім я гаварыў адважна, як і мушу гаварыць.
21 А каб і вы ведалі пра мяне, што я раблю, усё вам паведаміць Тыхік, улюбёны брат і верны служыцель у Госпадзе,
22 якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
23 Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
24 Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незьнішчальнасьці. Амэн
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне да Эфэсцаў Апостала Паўла, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023