Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Каласянам 3 Каласянам 3 разьдзел

1 Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце ўзгорнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога.
2 Пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное,
3 бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схаванае з Хрыстом у Богу.
4 Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам з Ім у славе.
5 Дык мярцьвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, жарсьць, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць ідалапаклонствам,
6 за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў непакорнасьці,
7 сярод якіх і вы раней хадзілі, калі жылі між імі.
8 А цяпер вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, ліхоту, блюзьнерствы, брыдкаслоўе з вуснаў вашых;
9 не хлусіце адзін аднаму, распрануўшыся са старога чалавека з учынкамі ягонымі
10 і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобразу Таго, Хто яго стварыў,
11 дзе няма Грэка і Юдэя, абразаньня і неабразаньня, барбара, Скіфа, слугі, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос.
12 Дык апраніцеся, як выбраныя Божыя, сьвятыя і ўлюбёныя, у міласэрнасьць, ласкавасьць, пакору, ціхасьць, доўгацярплівасьць,
13 церпячы адзін аднаго і прабачаючы адзін аднаму, калі хто на каго мае крыўду, як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы.
14 А па-над усё [апраніцеся] ў любоў, якая ёсьць вузел дасканаласьці,
15 і няхай гаспадарыць у сэрцах вашых супакой Божы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, і будзьце ўдзячныя.
16 Слова Хрыстовае няхай жыве ў вас багата, у-ва ўсякай мудрасьці; навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, у ласцы сьпяваючы Госпаду ў сэрцах вашых.
17 І ўсё, што вы робіце, словам або справаю, усё [рабіце] ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу.
18 Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, як прыстойна ў Госпадзе.
19 Мужы, любіце жонак і ня будзьце для іх прыкрымі.
20 Дзеці, слухайцеся бацькоў у-ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.
21 Бацькі, не зьнеахвочвайце дзяцей вашых, каб яны не гублялі духа.
22 Слугі, у-ва ўсім слухайцеся паноў паводле цела, не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але ў шчырасьці сэрца, баючыся Бога.
23 І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як для Госпада, а не для людзей,
24 ведаючы, што ад Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.
25 А хто робіць крыўду, атрымае паводле зробленае крыўды, бо няма [ў Бога] ўзіраньня на аблічча.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне да Каласянаў Апостала Паўла, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023