Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Адкрыцьцё 11 Адкрыцьцё 11 разьдзел

1 І дадзена мне трысьціна, падобная да кія; і анёл, які стаяў, сказаў: «Паўстань і памерай бажніцу Божую, і ахвярнік, і тых, якія пакланяюцца ў ім,
2 а панадворак, які звонку бажніцы, пакінь звонку і ня мерай яго, бо ён дадзены паганам, і горад сьвяты яны будуць таптаць сорак два месяцы.
3 І Я дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён, апранутыя ў зрэбніцу».
4 Гэта ёсьць дзьве аліўкі і два сьвечнікі, якія перад Богам зямлі стаяць.
5 І калі хто захоча зрабіць ім шкоду, агонь выйдзе з вуснаў іхніх і зьесьць ворагаў іхніх; і калі хто захоча зрабіць ім шкоду, мусіць ён быць забіты.
6 Яны маюць уладу замкнуць неба, каб не ішоў дождж у дні праракаваньня іхняга; і маюць уладу над водамі перамяніць іх у кроў і біць зямлю ўсякімі плягамі, калі толькі захочуць.
7 І калі яны скончаць сьведчаньне сваё, зьвер, які выйдзе з бездані, учыніць вайну з імі, і пераможа іх, і заб’е іх.
8 І целы іхнія [будуць ляжаць] на вуліцы вялікага гораду, які называецца духоўна Садом і Эгіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны.
9 І з плямёнаў, і каленаў, і моваў, і народаў будуць глядзець на целы іхнія тры дні і паўдня, і не дазволяць пакласьці целы іхнія ў магілы.
10 І жыхары зямлі будуць радавацца дзеля іх і весяліцца, і будуць пасылаць адны адным падарункі, бо гэтыя два прарокі мучылі жыхароў зямлі.
11 І праз тры дні і паўдня дух жыцьця ад Бога зыйшоў на іх, і яны сталі на ногі свае, і страх вялікі прыйшоў на тых, якія бачылі іх.
12 І пачулі яны голас вялікі з неба, які казаў да іх: «Узыйдзіце сюды». І яны ўзыйшлі ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія.
13 І ў тую гадзіну стаўся землятрус вялікі, і дзясятая частка гораду завалілася, і былі забітыя ў землятрусе сем тысячаў імёнаў чалавечых; і іншыя сталіся ў страху і аддалі славу Богу Нябеснаму.
14 Другое гора прайшло; вось, трэцяе гора прыходзіць хутка.
15 І сёмы анёл затрубіў, і сталіся вялікія галасы ў небе, якія казалі: «Валадарствы сьвету сталіся [Валадарствам] Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і Ён будзе валадарыць на вякі вякоў».
16 І дваццаць чатыры старосты, якія сядзелі перад Богам на пасадах сваіх, упалі на абліччы свае і пакланіліся Богу,
17 кажучы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Бог Усеўладны, Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіш, што прыняў Ты моц Сваю вялікую і запанаваў.
18 І загневаліся пагане, і прыйшоў гнеў Твой, і час судзіць мёртвых і даць нагароду слугам Тваім прарокам і сьвятым, і тым, якія баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і вынішчыць тых, якія нішчаць зямлю».
19 І адчынілася бажніца Божая ў небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў бажніцы Ягонай; і сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і землятрус, і град вялікі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьцё Яна Багаслова, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023