Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Адкрыццё 1 Адкрыццё 1 разьдзел

1 Адкрыцьцё Езуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб выявіў слугам сваім, што павінна стацца ў хуткім часе, і, паслаўшы анёла, паведаміў за дапамогаю знакаў слузе свайму Яну,
2 які сьведчыць аб Слове Божым, і аб Езусе Хрысьце, і аб усім, што бачыў.
3 Шчасьлівы той, хто чытае і чуе словы прароцтва ды захавае тое, што ў іх напісана; час бо блізкі.
4 Ян сямі цэрквам у Азіі: Ласка вам і супакой ад Таго, які ёсьць, які быў і які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад тронам Ягоным,
5 і ад Езуса Хрыста, Сьведкі вернага, Першароднага з памёршых і Валадара каралёў зямных. Яму, які ўзьлюбіў нас і абмыў нас ад грахоў нашых крывёй сваёй,
6 і зрабіў нас каралеўствам і сьвятарамі Богу і Айцу свайму, Яму хвала і валаданьне на вякі вечныя. Амэн.
7 Вось жа прыходзіць у хмарах, і ўбачыць Яго ўсякае вока і тыя, што Яго пракалолі, і залямантуюць над Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн.
8 Я -Альфа і Амега, пачатак і канец,-кажа Госпад Бог, які ёсьць, які быў і які прыйдзе, Усемагутны.
9 Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, у каралеўстве і вытрымаласьці ў Хрысьце Езусе, быў на востраве Патмас дзеля Слова Божага і сьведчаньня аб Езусе.
10 Я быў у захапленьні духа ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,
11 які казаў: "Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам: у Эфэз, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыятыру, і ў Сарды,і ў Філядэльфію, і ў Ляодыцэю".
12 Я павярнуўся, каб зірнуць, адкуль быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых сьвечнікаў,
13 і паміж сьвечнікаў залатых кагосьці падобнага да Сына Чалавечага, адзетага ў доўгую шату і падперазанага пад грудзі залатым паясом;
14 галава ж Ягоная і валасы былі белыя, як белая воўна, быццам сьнег, і вочы Яго як полымя агню,
15 і ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, і голас Ягоны падобны на гук бурных водаў,
16 і Ён трымаў у правай руцэ сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаў меч двусечны востры, і твар Ягоны зіхацеў, як сонца ў магутнасьці сваёй.
17 І, убачыўшы Яго, упаў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку сваю на мяне, кажучы: "Ня бойся! Я — Першы, і Апошні, і Жывы;
18 і Я быў памёршым, і вось жывы на вякі вечныя, і маю ключы сьмерці і пекла.
19 Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсьць і што павінна стацца пасьля.
20 Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у маёй правай руцэ, і сямі сьвечнікаў залатых вось якая: сем зорак — гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў — гэта сем цэркваў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Яна, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.