1 Спачатку стварыў Бог неба і зямлю.
2 Зямля была пустая і неабжытая; і цемра ахутвала бяздоньні. А Дух Божы ўзносіўся над водамі.
3 І сказаў Бог: «Хай станецца сьвятло!» І сталася сьвятло.
4 І бачыў Бог, што сьвятло было добрае, і аддзяліў сьвятло ад цемры.
5 І назваў Бог сьвятло днём, а цемру — ноччу. І мінуў вечар і раніца — дзень першы.
6 Потым сказаў Бог: «Хай паўстане цьвярдыня сярод водаў і хай аддзеліць воды ад водаў».
7 І зрабіў Бог цьвярдыню, і разьдзяліў воды, каторыя былі над цьвярдыняй, ад тых, каторыя былі пад цьвярдыняй. І сталася гэтак.
8 І назваў Бог цьвярдыню небам. І мінуў вечар і раніца — другі дзень.
9 Сказаў зноў Бог: «Хай зьбяруцца воды, каторыя пад небам, у адно месца, і хай зьявіцца сухмень». І гэтак сталася.
10 І назваў Бог сухмень зямлёю, а сабраньне водаў — морам. І бачыў Бог, што гэта добра.
11 І сказаў Бог: «Хай расьціць зямля зеляніну, травы, якія маюць насеньне па сорту свайму, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насеньне паводле гатунку свайго». І сталася гэтак.
12 І выдала зямля расьліны зялёныя, травы, якія маюць насеньне па сорту свайму, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насеньне паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што гэта добра.
13 І мінуў вечар і раніца — дзень трэці.
14 Потым кажа Бог: «Хай сьвецяць сьвяцілы на цьвярдыні неба і хай аддзяляюць дзень ад ночы, і хай будуць на знак часоў, днёў і гадоў.
15 Хай сьвецяць на цьвярдыні неба і асьвятляюць зямлю». І гэтак сталася.
16 І стварыў Бог два сьвяцілы вялізарныя: сьвяціла вялікшае, каб сьвяціла днём, і сьвяціла меншае, каб сьвяціла ноччу, і зоркі.
17 І памясьціў іх Бог на цьвярдыні неба, каб сьвяцілі яны на зямлю,
18 і валодалі днём і ноччу, і аддзялялі сьвятло ад цемры. І бачыў Бог, што гэта добра.
19 І мінуў вечар і раніца — дзень чацьвёрты.
20 Сказаў таксама Бог: «Хай ажывуць воды жывунамі воднымі, і птушкі хай лётаюць над зямлёй пад цьвярдыняй неба».
21 І стварыў Бог вялікія рыбы ды ўсё жывое, што рухаецца і што вывелася ў водах, па сартах сваіх, і ўсякія птушкі паводле свайго гатунку. І бачыў Бог, што гэта добра.
22 І паспагадаў Ён ім, кажучы: «Пладзіцеся і размнажайцеся, і запаўняйце воды мораў, а птушкі хай размнажаюцца над зямлёю».
23 І мінуў вечар і раніца — дзень пяты.
24 Сказаў таксама Бог: «Хай выдасьць зямля жывую істоту па роду свайму: жывёлы, паўзуноў і зьвяроў зямных паводле сваіх гатункаў». І сталася гэтак.
25 І стварыў Бог зьвяроў зямных паводле сваіх сартоў, і жывёлу паводле сваіх сартоў, і ўсякіх паўзуноў зямных на свой сорт. І бачыў Бог, што гэта добра.
26 І кажа Бог: «Учыньма чалавека на вобраз і падобнасьць Нашую; і хай мае ён уладу над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, і зьвярамі, і над усёй зямлёй, і над усякім паўзуном, каторы рухаецца па зямлі».
27 І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на падобнасьць Богу стварыў яго: мужчынай і жанчынай стварыў іх.
28 І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: «Пладзіцеся і размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і валодайце рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, ды ўсім жывым, што рухаецца па зямлі».
29 Потым сказаў Бог: «Вось Я даў вам усякую расьліну, што дае насеньне па ўсёй зямлі, і ўсякія дрэвы, што маюць у сабе насеньне і сеюць насеньне, каб былі вам на яду.
30 І ўсім жывунам на зямлі, усякай птушцы паднебнай ды ўсім, што рухаюцца па зямлі і ў каторых ёсьць зародак жыцьця, Я даў усякую расьліну зялёную на яду». І гэтак сталася.
31 І бачыў Бог усё, што стварыў, і ўсё было вельмі добрае. І мінуў вечар і раніца — дзень шосты.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Роду, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.