1 Былі ж у народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі-ашуканцы, каторыя ўцягваюць у згубныя секты і, адцураўшыся Таго Валадара, Хто іх адкупіў, рыхтуюць сабе скорую загубу.
2 І многія пойдуць слядамі іхняй распусты, і дарога праўды з-за іх знеслаўляцца будзе.
3 І яны ў хцівасці будуць лавіць вас ілжывымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і згуба іх не абміне.
4 Бо калі саграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але, звязаўшы путамі пякельнай цемры, аддаў захаваць на суд;
5 і калі не пашкадаваў першага свету, а ўхаваў толькі васьмярых з Ноем, вестуном праўды, наводзячы патоп на бязбожны свет;
6 таксама гарады Садом і Гамору, ператварыўшы ў попел, асудзіў на згубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожнымі ў будучыні,
7 і выратаваў справядлівага Лота, што пакутаваў ад распусных паводзін нягоднікаў,
8 бо гэты справядлівы, пражываючы сярод іх, з дня на дзень сваю справядлівую душу крыжаваў іх бязбожнымі ўчынкамі, каторыя бачыў і аб каторых чуў.
9 Дык ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакушэння, а несправядлівых захаваць на пакаранне ў дзень суда,
10 а перад усім тых, што ідуць за целам у нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што не баяцца блюзнерыць на слаўных,
11 у той час як анёлы, большыя за іх сілай і магутнасцю, не выносяць перад Госпадам прысуд супраць іх блюзнерства.
12 Яны, як неразумныя жывёлы, што прызначаны з натуры сваёй на ўлоў і ўбой, блюзнераць на тое, чаго не разумеюць, ды ў нікчэмнасці сваёй будуць знішчаны,
13 атрымаюць кару як плату за несправядлівасць. За асалоду ўважаюць яны штодзённую распусту, як сараматнікі і агіднікі патанаючы ў асалодзе, у распуснасці сваёй раскашуючы з вамі.
14 Вочы іхнія поўныя чужаложства і няспыннага граху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іхнія апанаваныя хцівасцю, яны — сыны праклёну;
15 сышоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама Басорава, які ўзлюбіў плату за несправядлівасць,
16 але быў пакараны за сваё злачынства: пад’ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала неразумнасць прарока.
17 Яны — крыніцы без вады, воблакі, віхрам гнаныя, каторых чакае туман цемры.
18 Пыхліва і марна гаворачы, яны прывабліваюць да пажадлівасці цялеснай распустай тых, што замала асцерагаюцца аблудаў ды пражываюць у блудзе;
19 абяцаюць ім свабоду, а самі — нявольнікі нікчэмнасці; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
20 Бо калі хто ўцякае ад брыдот свету праз пазнанне Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста, а потым зноў, заблытаўшыся, захапляецца імі, дык апошнія яго справы горшыя за папярэднія.
21 Лепш было б ім дарогі справядлівасці не ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенага ім святога прыказання.
22 Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: «Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіння памытая — да бруднай лужыны».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст Пётры, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.