Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 12 2-я Цароў 12 разьдзел

1 На сёмы год валадарання Егу Ёас стаў царом і цараваў сорак гадоў у Ерузаліме. Маці яго называлася Сэбія з Бээр-Сэбы.
2 І рабіў Ёас справядлівае перад Госпадам ва ўсе дні, пакуль вучыў яго святар Ёяда.
3 Толькі ўзгоркі не знішчыў; складаў яшчэ народ ахвяры крывавыя і кадзіў на ўзгорках.
4 І сказаў Ёас святарам: «Усе грошы пасвячоныя, якія прыносяць як дар у святыню Госпада падарожныя людзі, якія складаюцца ў ахвяру за выкуп душы і якія па рашэнні сэрца свайго прыносяць у святыню Госпада,
5 хай іх бяруць усе святары ад асоб, якіх яны ведаюць, і няхай ужываюць іх на папраўку дома, калі ўбачаць, што штосьці трэба паправіць».
6 Такім чынам, аж да дваццаць трэцяга года цара Ёаса святары не паправілі пашкоджанняў у святыні.
7 Тады цар Ёас паклікаў першасвятара Ёяду і святароў, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не папраўляеце пашкоджанняў у святыні? Такім чынам, не бярыце болей грошы ад знаёмых вашых, але аддайце іх на аднаўленне святыні».
8 І згадзіліся святары не браць больш грошы ад народа і не займацца выпраўленнем пашкоджанняў святыні.
9 І ўзяў святар Ёяда адну скрыню, і зрабіў адтуліну зверху яе, і паставіў яе побач з ахвярнікам з правага боку ля ўваходу ў святыню; і святары, што вартавалі дзверы, складалі ў яе ўсе грошы, якія прыносілі ў святыню Госпада.
10 І калі яны бачылі, што ўжо многа грошай у скрыні, прыходзілі пісар царскі і першасвятар, і забіралі грошы, якія знаходзіліся ў доме Госпада, і лічылі іх,
11 і аддавалі гэтыя пералічаныя грошы ў рукі загадчыкаў, якія наглядалі за працаю ў доме Госпада; і яны выдавалі іх на цесляроў і будаўнікоў, якія працавалі ў святыні Госпадавай,
12 і на муляраў, і на тых, хто рассякае скалы, і каб купіць дрэвы і камяні з каменяломняў для папраўкі пашкоджанняў дома Госпадава і на ўсё, што патрабавала выдаткаў для ўмацавання дома.
13 Аднак з грошай, што прыносілі ў святыню Госпада, не рабілі міскі срэбраныя, і нажы, і келіхі, і трубы, ані іншыя рэчы залатыя або срэбраныя для святыні Госпада;
14 бо давалі іх работнікам, што папраўлялі святыню Госпада.
15 І не было прычыны правяраць людзей, якія атрымлівалі грошы для выплаты работнікам; бо яны рабілі ўсё сумленна.
16 Але грошы, як ахвяру за праступак, і грошы, як ахвяру за грахі, не ўносілі ў святыню Госпада, бо яны належалі святарам.
17 У той час Газаэль, цар Сірыі, пайшоў ваяваць з Гетам; і здабыў яго, і прыняў ён рашэнне ісці на Ерузалім.
18 Тады Ёас, цар Юдэі, сабраў усе святыя рэчы, якія ахвяравалі цары Юдэі Язафат, і Ярам, і Ахазія, бацькі яго, і што сам ахвяраваў, і ўсё золата, якое можна было знайсці ў скарбніцах святыні Госпада і ў царскім палацы, і паслаў Газаэлю, цару Сірыі, — і ён адступіў ад Ерузаліма.
19 А іншыя дзеянні Ёаса і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
20 А паўсталі яго паслугачы, і змовіліся, і забілі Ёаса ў палацы Мэло, на дарозе ў Сэлу.
21 На самай справе Ёсахар, сын Сэмата, і Ёзабад, сын Самэра, паслугачы яго, забілі яго і ён памёр; і пахавалі яго пры бацьках яго ў горадзе Давіда. І па ім цараваў сын яго, Амазія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Цароў, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017