Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Хронікаў 36 2-я Хронікаў 36 разьдзел

1 Затым народ зямлі ўзяў сына Осіі — Ёахаза і паставіў царом у Ерузаліме на месца бацькі яго.
2 Ёахаз меў дваццаць тры гады, калі пачаў кіраваць, і тры месяцы быў царом у Ерузаліме.
3 А выдаліў яго цар Егіпта, калі прыбыў у Ерузалім, і абклаў зямлю данінаю ў сто талентаў срэбра і адзін талент золата.
4 І паставіў ён замест яго царом Эліякіма, брата яго над Юдэяй і Ерузалімам, і перамяніў імя яго на Ёакіма. Самога ж Ёахаза ўзяў з сабою і павёў у Егіпет.
5 Ёакім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, ды адзінаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме; і дапускаўся ліха перад Госпадам, Богам сваім.
6 Супраць яго выйшаў Набукаданосар, цар халдэйцаў, ды яго, звязанага ланцугамі, павёў у Бабілон;
7 туды пераправіў і пасудзіны Госпадавы і памясціў у сваім храме.
8 А астатнія дзеянні Ёакіма, і агіднасці яго, якіх дапускаўся, ды тое, што было знойдзена супраць яго, — запісана ў Кнізе цароў Ізраэля і Юдэі. І па ім быў царом сын яго Ёахін.
9 Васемнаццаць гадоў меў Ёахін, калі стаў царом, і ўладарыў у Ерузаліме тры месяцы і дзесяць дзён, і дапускаўся ён ліхога ў вачах Госпада.
10 І па сканчэнні года цар Набукаданосар паслаў па яго і загадаў прывесці яго ў Бабілон разам з найкаштоўнейшымі пасудзінамі святыні Госпада, а на яго месца паставіў царом яго брата Сэдэцыю над Юдэяй і Ерузалімам.
11 Сэдэцыя меў дваццаць адзін год, калі стаў царом, і ў Ерузаліме цараваў адзінаццаць гадоў.
12 І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, Бога свайго, і не ўпакорыўся перад прарокам Ярэміем, калі той казаў яму, як вусны Госпада.
13 Узбунтаваўся ён таксама супраць Набукаданосара, якому прысягнуў Богам быць верным, і зацвярдзеў ён каркам сваім і сэрцам, каб не навярнуцца да Госпада, Бога Ізраэля.
14 Дый і ўсе кіраўнікі святароў і народ памножылі бясчынствы свае і паводле ўсіх агіднасцей паганскіх апаганілі дом Госпадаў, які асвяціў Госпад у Ерузаліме.
15 А Госпад, Бог бацькоў іх, пасылаў да іх Сваіх вестуноў, ноччу ўстаючы і штодзень напамінаючы, так як шкадаваў народ і месца Свайго прабывання.
16 Але яны высмейвалі пасланцоў Божых, і не звярталі ўвагі на перасцярогі Яго, і здзекаваліся з прарокаў Яго, аж пакуль не ўзгарэлася абурэнне Госпада на народ Свой ды не было ўжо ніякага ратунку.
17 Навёў бо на іх цара халдэяў, і мечам ён забіў іх юнакоў у доме свяцілішча іх, і не пашкадаваў ані юнака, ані дзяўчыны, ані старца, ані сівой галавы, але ўсіх аддаў у яго рукі.
18 І ўсе пасудзіны святыні Божай, як большыя, так і меншыя, і скарбы святыні, і цара, і кіраўнікоў пераправіў у Бабілон.
19 Ворагі спалілі святыню, і разбурылі мур Ерузаліма, спалілі ўсе палацы, і ўсё, што толькі мела каштоўнасць, было знішчана.
20 Калі хто ўсцярогся меча, той быў заведзены ў Бабілон ды служыў цару і сынам яго, аж пакуль не загадаў цар персаў,
21 каб споўнілася слова Госпада праз вусны Ярэміі: «Пакуль зямля прыме суботы свае, будзе яна спраўляць суботу ва ўвесь час свайго знішчэння, аж пакуль не мінуць семдзесят гадоў».
22 А каб споўнілася слова Госпада, якое сказаў Ён праз вусны Ярэміі, узбудзіў Госпад дух Кіра, цара персаў, у першы год царавання Кіра, цара персаў, які загадаў абвясціць ва ўсім царстве сваім, таксама пісьмова заяўляючы:
23 «Гэта заяўляе Кір, цар персаў: “Даў мне Госпад, Бог неба, усе валадарствы зямлі; і Ён загадаў мне, каб пабудаваў я Яму дом у Ерузаліме, што знаходзіцца ў Юдэі”. Хто з вас усіх з Яго народа, хай будзе Госпад, Бог яго, з ім, і хай ідзе!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Хронікаў, 36 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017