1 Таксама наступнае сказаў Госпад Майсею на раўнінах Мааба каля Ярдана насупраць Ерыхона:
2 «Загадай сынам Ізраэля, каб далі левітам у іх уласнасць гарады, у якіх яны б жылі, і палі вакол гарадоў,
3 каб самі яны ў гарадах жылі, а палі каб былі для статкаў, і для маёмасці, і для ўсёй іх жывёлы;
4 гэтая прастора хай цягнецца ад муроў гарадскіх звонку на тысячу локцяў вакол.
5 Адмерайце за горадам дзве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзве тысячы локцяў з боку паўднёвага, дзве тысячы локцяў з боку заходняга і дзве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб гарады былі пасярэдзіне, а палі вакол тых гарадоў звонку.
6 А з саміх гарадоў, якія аддасце левітам, хай будуць шэсць гарадоў вылучаныя на дапамогу ўцекачам, каб бег у іх той, хто па няведанні праліў кроў; і, апрача гэтых гарадоў, дасце яшчэ сорак два гарады,
7 гэта значыць разам з іх палямі будзе сорак восем гарадоў.
8 Пры выбары гарадоў, якія аддасце з уласнасці сыноў Ізраэля, так будзеце вырашаць: ад большага пакалення — большую іх колькасць, ад меншага — меншую; кожнае пакаленне павінна аддаць левітам колькасць гарадоў адпаведна памеру сваёй уласнасці».
9 Далей сказаў Госпад Майсею:
10 «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан,
11 выберыце сабе гарады, што маюць быць дапамогай уцекачам, якія, не хочучы, пралілі кроў;
12 хай гэтыя гарады будуць вам абаронай ад мсціўцаў, і хай забойца захавае жыццё, пакуль не стане перад судом супольнасці.
13 З саміх жа шасці гарадоў, якія будуць вылучаны дзеля дапамогі ўцекачам,
14 тры хай будуць за Ярданам, а тры — у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча
15 як для сыноў Ізраэля, так і для чужаземцаў або падарожнікаў, каб у гэтыя шэсць гарадоў уцякалі тыя, што ненаўмысна пралілі кроў.
16 Калі ж хто ўдарыць каго жалезам, што той памрэ, тады той, хто ўдарыў, — забойца, і сам павінен памерці.
17 Калі хто каго каменем ударыў, якім можна забіць, і ўдараны памер, падобна хай будзе пакараны.
18 Калі хто каго паленам так ударыў, што той памер, — ён забойца; і сам ён хай будзе пакараны смерцю.
19 Мсціўца за кроў хай заб’е забойцу; адразу ж, як зловіць яго, можа яго забіць.
20 Калі хто з нянавісці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці наўмысна, так што той памер,
21 або калі хто ў злосці ўдарыў кулаком так, што той памер, тады той, хто ўдарыў, — забойца; і мсціўца за кроў можа яго забіць адразу ж, як сустрэне.
22 Калі ж хто выпадкова і без нянавісці ўдарыў каго або кінуў у яго чым-небудзь ненаўмысна,
23 або, не бачачы яго, кінуў у яго каменем, які можа забіць, і ўдарыў яго так, што ён памер, але забойца не быў яго ворагам і не жадаў яму ліха,
24 то грамада павінна рассудзіць забойцу і мсціўцу за кроў на гэтай аснове,
25 і грамада павінна выратаваць забойцу ад рукі мсціўцы за кроў і павінна вярнуць яго ў горад — прыбежышча яго, куды ён уцёк, каб ён там жыў да смерці першасвятара, які памазаны святым алеем.
26 Калі ж забойца выйдзе па-за межы горада-прыбежышча, у які ён уцёк,
27 і калі мсціўца за кроў сустрэне яго па-за межамі горада прыбежышча і заб’е, тады мсціўца за кроў не вінаваты, што забіў забойцу;
28 бо да смерці першасвятара павінен забойца прабываць у горадзе прыбежышча свайго. Па смерці ж першасвятара можа ён вярнуцца да сваёй спадчыны.
29 Хай гэта будзе вам законам ва ўсе пакаленні вашы і ва ўсіх месцах пражывання вашага.
30 Забойцу на падставе слоў сведкаў караюць смерцю; на падставе сведчання аднаго чалавека ніхто на смерць не можа быць асуджаны.
31 Нельга прымаць выкуп за душу забойцы, які варты смерці, павінен ён быць пакараны смерцю.
32 Не бярыце выкуп, каб уцёк ён у горад прыбежышча свайго, а не каб ён вярнуўся і жыў у сваёй зямлі перш, чым памрэ першасвятар.
33 Не паганьце зямлі прабывання вашага, бо кроў паганіць зямлю, і ніяк яна не можа быць ачышчана, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе.
34 Не паганьце зямлі, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць з вамі. Бо Я — Госпад, Які жыве сярод сыноў Ізраэля”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Лічбаў, 35 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017