Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Яна 4 1-ы ліст Яна 4 разьдзел

1 Улюбёныя! Не кожнаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці яны ад Бога, бо прыйшло ў свет многа фальшывых прарокаў.
2 Па гэтым пазнаеце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсць ад Бога,
3 а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, Які прышоў у целе, не ёсць ад Бога, але гэта дух антыхрыста, які, як вы чулі, надыходзіць і ўжо цяпер ёсць у свеце.
4 Вы, дзеткі, ад Бога і перамаглі іх, бо Той, Хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце.
5 Яны — ад свету, таму гавораць так, як свет, і свет іх слухае.
6 Мы — ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас; хто не ад Бога, не слухае нас. Такім чынам пазнаем духа праўды і духа падману.
7 Улюбёныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, нарадзіўся ад Бога і ведае Бога.
8 А хто не любіць, не пазнаў Бога, бо Бог ёсць любоў.
9 У гэтым выявілася любоў Бога да нас, што Бог паслаў Сына Свайго Адзінароднага ў свет, каб мы жылі праз Яго.
10 Любоў у тым, што не мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас ды паслаў Сына Свайго ва ўміласціўленне за нашы грахі.
11 Улюбёныя, калі Бог нас так палюбіў, дык і мы мусім любіць адзін аднаго.
12 Бога не бачыў ніхто ніколі; калі мы любім адзін аднаго, дык Бог трывае ў нас; і любоў Яго дасканалая ў нас.
13 Што мы трываем у Ім, а Ён — у нас, пазнаём па тым, што Ён даў нам Духа Свайго.
14 Мы, вось, бачылі і сведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам свету.
15 Хто вызнае, што Ісус ёсць Сын Божы, у тым трывае Бог, і ён — у Богу.
16 І мы ўверылі і пазналі любоў, якую Бог мае да нас. Бог ёсць любоў, і хто трывае ў любові, у Богу трывае, і Бог у ім.
17 Дзеля таго любоў удасканалілася ў нас, каб мы мелі адвагу на дзень суда, бо як Ён, так і мы на гэтым свеце.
18 У любові няма страху, але дасканалая любоў вон выганяе страх, бо страх мае ў сабе кару, а хто баіцца, той не дасканалы ў любові.
19 Мы любім Яго, бо Ён першы палюбіў нас.
20 Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога» і ненавідзеў бы брата свайго, той ілгун; бо хто не любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога не бачыць.
21 І маем такую пастанову ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў таксама і брата свайго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст Яна, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017