Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Баруха 2 Кніга Баруха 2 разьдзел

1 І здзейсніў Госпад слова Сваё, якое выказаў супраць нас і суддзяў нашых, што судзілі Ізраэль, і супраць цароў нашых і кіраўнікоў нашых, і супраць кожнага з Ізраэля і Юды, каб навесці на нас вялікія няшчасці,
2 якіх ніколі пад небам не было, паводле гэтага споўніў у Ерузаліме, паводле таго, што было напісана ў законе Майсеевым,
3 што паміж нас адзін будзе есці цела свайго сына і другі — цела сваёй дачкі.
4 Ды даў іх за нявольнікаў усім царствам, што наўкола, на пасмяянне і на ганьбу ўсім народам, якія вакол нас, між якімі Госпад нас расцерушыў,
5 і сталіся мы як падначаленыя, а не пануючыя, таму што зграшылі мы супраць Бога нашага, бо не былі мы паслухмянымі Яго голасу.
6 Госпаду, Богу нашаму, належыць справядлівасць, а нам і бацькам нашым — сорам аблічча, як сёння;
7 усе беды, прадбачаныя Госпадам адносна нас, спалі на нас!
8 І не перамалілі аблічча Госпада, каб адвярнуўся кожны ад намераў свайго ліхога сэрца.
9 І зважыў Госпад на ліхоту ды ўзвёў яе на нас, бо справядлівы Госпад ва ўсіх справах Сваіх, што загадаў нам.
10 І не паслухаліся мы голасу Яго, каб весці сябе па прыказаннях Госпада, якія выявіў перад намі.
11 І цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, Ты, Які вывеў народ Твой з зямлі Егіпецкай моцнаю рукою сярод знакаў цудоўных, і вялікаю сілаю, і рукою, выцягнутаю ўгару, і прыбраў Сабе імя, як і ў сённяшні дзень,
12 зграшылі мы, бязбожна вялі сябе, нягодна дзейнічалі, Госпадзе, Божа наш, супраць усіх справядлівых загадаў Тваіх.
13 Хай адвернецца ад нас абурэнне гневу Твайго, бо мала нас уцалела паміж народаў, паміж якіх Ты нас разагнаў.
14 Выслухай, Госпадзе, малітву нашу і просьбу нашу і выратуй нас дзеля Сябе, і дай нам ласку перад абліччам тых, якія нас вывелі,
15 каб знала ўся зямля, што Ты — Госпад, Бог наш, і што імя Тваё прызываецца над Ізраэлем і над яго народам.
16 Госпадзе, зірні на святы дом Свой ды ўспомні нас; нахілі вуха Сваё, Госпадзе, і выслухай.
17 Адкрый, Госпадзе, вочы Свае і пабач, што гэта не памерлыя, што прабываюць у цемры, дух якіх адняты ад нутра іх, але тыя, што аддадуць хвалу і справядлівасць Госпаду,
18 але гэта душа, засмучаная дзеля вялікае ліхоты, якая ходзіць схіленая і збалелая; і вочы атупелыя, і душа, паміраючая ад голаду, аддадуць Табе, Госпадзе, хвалу і справядлівасць.
19 Бо не на апраўданнях бацькоў нашых, ані цароў нашых узносім мольбы нашы перад абліччам Тваім, Госпадзе, Божа наш,
20 спаслаў бо абурэнне Сваё і гнеў Свой на нас, як гэта прадказаў праз прарокаў, паслугачоў Сваіх,
21 кажучы: «Так кажа Госпад: “Нахіліце плечы свае і служыце цару Бабілонскаму, і жыць будзеце на зямлі, якую даў Я бацькам вашым.
22 І калі не паслухаецеся голасу Госпада, каб служыць цару Бабілонскаму,
23 забяру з гарадоў Юды і з вуліц Ерузаліма голас радасці і голас весялосці, і голас жаніха, і голас нявесты, і ўся зямля будзе пустэчаю без жыхароў”».
24 І не паслухаліся голасу Твайго, каб служыць цару Бабілонскаму; ды споўніў Ты словы Свае, якія сказаў праз прарокаў, паслугачоў Сваіх, што будуць вынесены косці цароў нашых і бацькоў нашых з месца свайго;
25 і вось, выкінуты яны на спякоту дня і на холад ночы, і памерлі яны з прычыны страшных пакут голаду, і меча, і заразы.
26 І зрабіў Ты з домам, над якім прызывана імя Тваё, так, як цяпер, з прычыны правіннасці дому Ізраэля і дому Юды.
27 І зрабіў з намі, Госпадзе, Божа наш, паводле ўсёй Сваёй спагадлівасці ды паводле ўсёй Тваёй вялікай міласэрнасці,
28 адносна слоў, выказаных слугою Тваім, Майсеем, у дзень, калі загадаў яму пісаць закон Твой на віду сыноў Ізраэля, кажучы:
29 «Калі не будзеце паслухмяныя голасу Майму, гэты вялікі і шматлікі натоўп стане малым паміж народаў, куды яго разганю;
30 бо ведаю, што не паслухаюцца Мяне, бо ён народ цвёрдага карку. І навернуцца да сэрца свайго ў зямлі няволі сваёй,
31 і пазнаюць тады, што Я Госпад Бог, і дам ім сэрца разважлівае і вушы адкрытыя,
32 і хваліць Мяне будуць у зямлі няволі сваёй, і памятаць будуць пра імя Маё;
33 і адвернуцца ад свайго цвёрдага карку і ад сваіх ліхіх учынкаў, бо памятаць будуць пра долю сваіх папярэднікаў, якія зграшылі перад Госпадам.
34 І вярну іх у зямлю, пра якую прысягнуў бацькам іх: Абрагаму, Ізааку ды Якубу; і будуць валодаць ёю, і размножу іх, не будуць у малым ліку;
35 і заключу з імі прымірэнне вечнае, так што Я буду ім Богам, і яны будуць народам Маім, і не выкіну больш народа Майго, Ізраэля, з зямлі, якую Я даў ім».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Баруха, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017