Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 11 Паводле Мацвея 11 разьдзел

1 Калі Езус закончыў настаўляць дванаццаць вучняў сваіх, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іхніх гарадах.
ТАЯМНІЦА БОЖАГА ВАЛАДАРСТВА

Сведчанне Езуса пра Яна Хрысціцеля

2 А Ян, калі пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх
3 спытацца ў Яго: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?»
4 І сказаў ім Езус у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце:
5 сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна.
6 І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».
7 Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае?
8 На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах.
9 На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока.
10 Гэта той, пра каго напісана:

“Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою,
які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.

11 Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго.
12 З часоў Яна Хрысціцеля і дагэтуль Валадарства Нябеснае здабываецца сілай, і гвалтоўныя людзі захопліваюць яго.
13 Бо ўсе прарокі і Закон прарочылі аж да Яна.
14 Калі вы захочаце прыняць, то ён — Ілля, які павінен прыйсці.
15 Хто мае вушы, няхай слухае.
16 З кім параўнаю пакаленне гэтае? Яно падобна да дзяцей, што сядзяць на рынку і, звяртаючыся да іншых, кажуць:
17 “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі, мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі”.
18 А прыйшоў Ян, які не еў і не піў, і яны кажуць: “У ім злы дух!”
19 Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, і кажуць: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!” І была апраўдана мудрасць справамі сваімі».
Гора галілейскім гарадам

20 Тады пачаў дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш Ягоных цудаў, за тое, што яны не пакаяліся:
21 «Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно ў мешкавіне і попеле пакаяліся.
22 Але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў судны дзень, чым вам.
23 А ты, Кафарнаум, ці будзеш узвышаны аж да неба? Аж да адхлані нізрынешся! Бо калі б у Садоме былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў табе, ён застаўся б да сённяшняга дня.
24 Але кажу вам: лягчэй будзе зямлі садомскай у судны дзень, чым табе».
Езус праслаўляе Айца

25 У той час, адказваючы, Езус сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям.
26 Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы.
27 Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Айца; і Айца ніхто не ведае, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.
Заклік да спрацаваных

28 Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас.
29 Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў.
30 Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Мацвея, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019