Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Лукі 15 Паводле Лукі 15 разьдзел

Прыпавесць пра згубленую авечку

1 Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго.
2 А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».
3 Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы:
4 «Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе шукаць згубленую, пакуль не знойдзе яе?
5 А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю
6 і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.
7 Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.
Прыпавесць пра згубленую драхму

8 Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе?
9 А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”.
10 Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».
Прыпавесць пра міласэрнага айца

11 І сказаў: «У аднаго чалавека было два сыны.
12 Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць.
13 Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна.
14 А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы.
15 Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней.
16 Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму.
17 Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду.
18 Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою.
19 Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”.
20 І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.
А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго.
21 А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”.
22 Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі.
23 Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца,
24 бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.
25 А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы.
26 Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое.
27 Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”.
28 Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго.
29 Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі.
30 А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”.
31 Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.
32 А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Лукі, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019