Пустая магіла
1 У першы дзень тыдня, на досвітку, жанчыны прыйшлі да магілы, несучы падрыхтаваныя пахучыя алеі.
1 У першы дзень тыдня, на досвітку, жанчыны прыйшлі да магілы, несучы падрыхтаваныя пахучыя алеі.
2 Але знайшлі, што камень адсунуты ад магілы.
3 І, увайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса.
4 Калі яны стаялі ў разгубленасці, раптам з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні.
5 Напалоханыя жанчыны схілілі твары свае да зямлі, а тыя сказалі ім: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
6 Яго тут няма; Ён уваскрос. Успомніце, як Ён сказаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
7 што Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі грэшнікаў і ўкрыжаваны, але на трэці дзень уваскрэсне».
8 І ўзгадалі яны словы Ягоныя,
9 і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці і ўсім астатнім.
10 Гэта былі Марыя Магдалена, Яна і Марыя, маці Якуба, ды іншыя, што былі з імі, якія казалі пра гэта Апосталам.
11 Але словы гэтыя здаліся ім пустымі, і не верылі ім.
12 Але Пётр устаў і пабег да магілы. Зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася.
Па дарозе ў Эмаус
13 Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус.
13 Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус.
14 Яны размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося.
15 А калі размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі.
16 Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.
17 А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку.
18 Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?»
19 Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам;
20 як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі.
21 А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася.
22 Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы
23 і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы.
24 Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».
25 Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі!
26 Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?»
27 І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.
28 Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей.
29 Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
30 Калі быў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім.
31 Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх.
32 Яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?»
33 І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі,
34 якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону».
35 Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.
Езус з’яўляецца вучням
36 Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!»
36 Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!»
37 Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа.
38 Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах?
39 Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я! Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю».
40 Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі.
41 А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?»
42 Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы.
43 Ён узяў і еў перад імі.
44 І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах».
45 Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне.
46 І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых,
47 і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема.
48 А вы — сведкі гэтага.
49 Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».
Унебаўшэсце
50 Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх.
50 Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх.
51 Калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба.
52 Яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем,
53 і былі ўвесь час у святыні, і праслаўлялі Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле святога Лукі, 24 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019