Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

3 Яна 1 3-е пасланне Яна 1 разьдзел

Прывітанне

1 Старэйшына — умілаванаму Гаю, якога я люблю ў праўдзе.
2 Умілаваны, малюся, каб ты быў здаровы і каб ва ўсім шчасціла табе, як шчасціць тваёй душы.
3 Я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засведчылі пра тваю праўду і што ты паступаеш па праўдзе.
4 Для мяне няма большай радасці, як чуць, што мае дзеці жывуць у праўдзе.
Пахвала Гая

5 Умілаваны, ты паступаеш згодна з вераю ў тым, што робіш для братоў і чужаземцаў.
6 Яны засведчылі перад Касцёлам пра тваю любоў. Калі адправіш іх па-Божаму, добра зробіш.
7 Бо дзеля імя Хрыстовага яны пайшлі, нічога не беручы ад язычнікаў.
8 Таму мы павінны прымаць такіх людзей, каб стаць супрацоўнікамі праўды.
Заклік да еднасці і здзяйснення дабра

9 Я напісаў ужо Касцёлу, але Дыятрэф, што любіць першынство сярод іх, не прымае нас.
10 Таму, калі прыйду, узгадаю яго ўчынкі, якія робіць, зласловячы нас. Не задавольваючыся гэтым, і сам не прымае братоў, і забараняе тым, хто хоча прымаць, ды выганяе іх з Касцёла.
11 Умілаваны, не наследуй зло, але дабро. Хто чыніць дабро, той ад Бога, а хто чыніць зло, той не бачыў Бога.
12 Пра Дэметрыя ўсе сведчаць, нават сама праўда. І мы сведчым, а ты ведаеш, што сведчанне нашае праўдзівае.
Заканчэнне

13 Пра многае меў напісаць табе, але не хацеў пісаць атрамантам і пяром,
14 бо спадзяюся хутка ўбачыць цябе і паразмаўляць з табою.
15 Спакой табе. Вітаюць цябе сябры. І ты прывітай сяброў пайменна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Трэцяе пасланне святога Яна, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019