Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Апакаліпсіс 19 Апакаліпсіс 19 разьдзел

Радасць жыхароў неба

1 Пасля гэтага я пачуў у небе моцны голас, як бы вялікага мноства людзей, якія казалі:

«Аллелюя!
Збаўленне і слава, і моц Богу нашаму,

2

бо праўдзівыя і справядлівыя прысуды Ягоныя;
бо Ён асудзіў вялікую распусніцу, якая нішчыла зямлю сваёй распустай, і спагнаў кроў слугаў сваіх з яе рукі!»

3 І другі раз сказалі:

«Аллелюя! Дым яе ўзносіцца на векі вечныя!»

4 Тады ўпалі дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывыя істоты і пакланіліся Богу, які сядзіць на троне, кажучы:

«Амэн. Аллелюя».

5 Ад трона выйшаў голас, які казаў:

«Хваліце Бога нашага, усе слугі Ягоныя і тыя,
хто Яго баіцца, малыя і вялікія!»

6 І я пачуў як бы шум вялікага натоўпу, як бы гул вялікіх водаў, як бы голас магутных грымотаў, што казалі:

«Аллелюя,
бо запанаваў Пан Бог наш усемагутны.

7

Будзем весяліцца, і радавацца, і праслаўляць Яго,
таму што настала вяселле Баранка,
і падрыхтавалася жонка Ягоная.

8

Ёй дазволена апрануцца ў бліскучы чысты тонкі лён, бо тонкі лён — гэта справядлівыя ўчынкі святых».

9 Анёл сказаў мне: «Напішы: шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Баранка!» І дадаў: «Гэта праўдзівыя словы Бога».
10 Я ўпаў да ягоных ног, каб пакланіцца яму, але ён сказаў мне: «Не рабі гэтага! Я такі ж слуга, як ты і браты твае, што маюць сведчанне Езуса. Богу пакланіся, бо сведчанне Езуса — дух прарочы».
Перамога Слова

11 Затым я ўбачыў адкрытае неба: і вось, белы конь, а той, хто сядзіць на ім, завецца Верным і Праўдзівым, і ў справядлівасці Ён судзіць і змагаецца.
12 Вочы ж Яго — як полымя агню, а на галаве Яго — шматлікія дыядэмы. Ён мае напісанае імя, якога не ведае ніхто, акрамя Яго.
13 Ён апрануты ў плашч, абмыты ў крыві, а імя Яго — Слова Бога.
14 Яму спадарожнічалі нябесныя войскі на белых конях, апранутыя ў чысты белы тонкі лён.
15 З Ягоных вуснаў выходзіць востры меч, каб удараць народы. Ён сам будзе пасвіць іх жалезным кіем. Ён сам топча давіла з віном лютага гневу Бога ўсемагутнага.
16 А на плашчы і на сцягне Ягоным напісана: Кароль каралёў і Валадар валадароў.
17 Таксама я ўбачыў аднаго анёла, які стаяў у сонцы і гучна ўсклікаў усім птушкам, якія лётаюць пасярод неба: «Хадзіце, збярыцеся на вялікую вячэру Бога,
18 каб з’есці целы каралёў, целы тысячнікаў, целы моцных і целы коней разам з іх вершнікамі, і целы ўсіх свабодных і нявольнікаў, малых і вялікіх».
19 Убачыў я звера, каралёў зямлі і іх войскі, сабраныя, каб распачаць вайну з тым, хто сядзіць на кані, і з Ягоным войскам.
20 Аднак звер быў схоплены, а разам з ім і фальшывы прарок, які чыніў перад ім знакі, з дапамогай якіх зводзіў тых, што прынялі кляймо звера і пакланяліся яго вобразу. Абодва былі жыўцом кінутыя ў вогненнае возера з палаючай серай.
21 Астатнія ж былі забітыя мячом, які выходзіў з вуснаў таго, хто сядзеў на кані, і ўсе птушкі насыціліся іхнімі целамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апакаліпсіс святога Яна, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019