1 Малітва Майсея, мужа Божага.
Госпадзе, Ты нам прыпынак з роду ды ў род!
2 Перш, чымся горы паўсталі, і Ты даў кшталт зямлі і сусьвету, ад веку й да веку ёсьць Ты, о Божа!
3 Ты йзноў вяртаеш у пыл чалавека ды кажаш: вярнецеся, сыны чалавечыя!
4 Бо тысяча лет прад вачыма Тваімі — як учорашні дзень, што мінуў, і варта начная.
5 Ты іх зносіш разводзьдзем; яны — як сон зраньня, як трава, што гібее.
6 Наранку красуе яна й зелянее, а ўвечары вяне ды сохне.
7 Вось гэтак праз гнеў Твоій мы нікнем, ад ярасьці Тваёй мы ўстрывожаны.
8 Ты праступкі нашы прад Табою паклаў, грахі нашы ўкрытыя прад сьветласьцяй аблічча Твайго.
9 Бо ўсе дні нашы зьніклі ад гневу Твайго, гады нашы мінулі, быццам той уздох.
10 Дзён веку нашага гадоў семдзесят, а як пры сіле — гадоў восемдзесят; а пара ў іх найлепшая — толькі праца ды марнасьць, бо плывуць яны шыбка, і мы адлятаем.
11 Каму ведама сіла гневу Твайго ды ярасьць Твая, што да страху прад Табой адпаведная?
12 Лічыць нашы дні — навучы Ты нас гэтага, каб прыдбаці нам мудрае сэрца.
13 Абярніся, о Госпадзе! Дакуль Ты? Над рабамі Тваімі зьлітуйся!
14 Зраньня нас ласкай Тваёй насычай, каб мы радаваліся й весяліліся ў-ва ўсе нашы дні.
15 Пацеш Ты нас на гэтулькі дзён, колькі Ты гнуў нас, ды на столькі гадоў, колькі жылі ў нядолі.
16 Хай над рабамі Тваімі зьявіцца дзела Тваё, і над сынамі іх — слава Твая.
17 Няхай ласка Госпада, Бога нашага, будзе над намі і ўмацуе дзела рук нашых. Замацуй Ты дзела рук нашых!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 90

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.