1 І сталася: як скончыў Ісус навучаць дванаццацёх вучняў Сваіх, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у ме́стах іх.
2 Іоан жа, пачуўшы ў вязьніцы аб дзе́яньнях Хрыстовых, паслаў двух вучняў сваіх
3 сказаць Яму: ці Ты Той, што павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
4 І сказаў ім Ісус у адказ: пайдзе́це, абвясьціце Іоану, што́ чуеце і бачыце.
5 Сьляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць і ўбогія абвяшчаюць Эвангельле.
6 І шчасьлівы, хто не спакусіцца праз мяне́.
7 Калі-ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць народу пра Іоана: чаго глядзе́ць хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну, што ад ве́тру хістаецца?
8 Што-ж убачыць хадзілі вы? можа чалаве́ка, адзе́тага ў мяккія адзе́жы? Вось тыя, што адзяю́цца ў мяккія адзе́жы, знаходяцца ў царскіх харо́мах.
9 Што-ж убачыць хадзілі вы? прарока? Запраўды́ кажу вам: і больш за прарока.
10 Бо ён той, пра якога напісана: вось Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе шлях Твой перад Табою (Малахія 3:1).
11 Запраўды́ кажу вам: з роджаных жанчынамі не паўставаў вялікшы за Іоана Хрысьціцеля; але найме́ншы ў царстве нябе́сным вялікшы за яго.
12 Ад дзён Іоана Хрысьціцеля дагэтуль царства нябе́снае сілаю дасягаецца, і гвалтаўнікí захопліваюць яго.
13 Бо ўсе́ прарокі й закон прарочылі да Іоана.
14 І, калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому нале́жыць прыйсьці.
15 Хто ма́е вушы чуць, няхай чуе.
16 Але каму ўпадо́блю род гэты? Ён падобен да хлапчаня́таў, што сядзяць на рынку і, зварачаючыся да сваіх сяброў,
17 кажуць: мы йгралі вам на жале́йцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі.
18 Бо прыйшоў Іоан, які ня е́сьць, ня п’е́; і кажуць: у ім злы дух.
19 Прыйшоў Сын Чалаве́чы, які е́сьць і п’е́; і кажуць: вось чалаве́к, які любіць е́сьць і піць віно, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць дзяцьмі яе́.
20 Тады пачаў Ён дакара́ць ме́сты, у якіх найбале́й вы́явілася моц Яго, за тое, што яны не пака́яліся.
21 Го́ра табе́, Харазін! го́ра табе́, Віфсаіда! Бо калі-б у Тыры й Сыдоне вы́явілася моц, што вы́яўлена ў вас, то даўно б яны ў валасяніцы і ў по́пелі пака́яліся.
22 Але кажу вам: Тыру й Сыдону лягчэй будзе ў дзе́нь судны, чымся вам.
23 І ты, Капэрнаум, што ажно да не́ба ўзьнёсся, ажно да пе́кла ўпадзе́ш, бо, калі-б у Садоме вы́явілася моц, вы́яўленая ў табе́, то ён ператрываў бы па сёньняшні дзе́нь.
24 Дык жа кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзе́нь судны, чымся табе́.
25 І, адказываючы, у той час Ісус сказаў: сла́ўлю Цябе́, Аце́ц, Госпад не́ба й зямлі, што ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і выявіў тое дзе́цям
26 Так, Аце́ц, бо гэткая была Твая добрая воля.
27 Усё Мне́ перада́на Айцом Маім, і ніхто ня знае Сына апрача Айца; і Айца ня знае ніхто апрача Сына і каму Сын хоча адкрыць.
28 Прыйдзе́це да Мяне́ ўсе́ працуючыя і абцяжоныя, і Я супакою вас.
29 Вазьме́це ярмо Маё на сябе́ і наўчыцеся ад Мяне́: бо Я ціхі і лагоднага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым.
30 Бо ярмо Мае́ любае і цяжар Мой лёгкі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.