Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 14 Эвангельле Мацьвея 14 разьдзел

1 У той час Ірад тэтрарх пачуў чуткі пра Ісуса
2 і сказаў слугам сваім: гэта Іоан Хрысьціцель; ён уваскрос з мёртвых, і дзеля гэтага цуды дзе́юцца праз яго.
3 Бо Ірад, захапіўшы Іоана, зьвязаў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадзіяду, жонку Філіпа, брата свайго.
4 Бо Іоан казаў яму: ня гожа табе́ ме́ць яе́.
5 І хаце́ў забіць яго, але баяўся народу: бо яго ме́лі за прарока.
6 У дзе́нь жа нарадзін Ірада дачка́ Ірадзіяды скакала пасярод іх і дагадзіла Іраду.
7 Дзеля гэтага ён пакляўся ёй даць, чаго-б ні папрасіла.
8 Яна-ж, падвучаная маткай сваёй, сказала: дай мне́ тут на та́лерцы галаву Іоана Хрысьціцеля.
9 І засумаваў цар, але з увагі на прысягу і на супачыва́ўшых побач з ім сказаў даць.
10 І паслаў адсячы́ галаву Іоану ў вязьніцы.
11 І прыне́сьлі галаву яго на тале́рцы і далі дзяўчыне, а яна зане́сла матцы сваёй.
12 Вучні-ж яго, прыйшоўшы, узялі це́ла яго й пахавалі яго; і пайшлі паведаміць Ісуса.
13 І, пачуўшы, Ісус паплыў стуль на чаўне́ ў пустыннае ме́сца адзін; і народ, пачуўшы тое, пайшоў за Ім з ме́стаў пехато́ю.
14 І, выйшаўшы, Ісус угле́дзіў множства людзе́й і пашкадава́ў іх і аздаравіў няду́жых.
15 Калі-ж настаў ве́чар, прыступіліся да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустыня тутака, дый час ужо позны; пусьці народ, каб яны пайшлі ў сёлы і купілі сабе́ е́жы.
16 Але Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці: вы́ дайце ім е́сьці.
17 Яны-ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве́ рыбы.
18 Ён сказаў: прынясе́це іх Мне́ сюды.
19 І сказаў народу супачы́ць на траве́ і, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы, глянуў на не́ба, пабагаславіў і, паламаўшы, даў хле́б вучням, а вучні народу.
20 І е́лі ўсе́, і насыціліся; і назьбіралі аста́ткаў дванаццаць карабо́ў поўных.
21 А е́ўшых было каля пяці тысячаў душ, апрача жанчы́н і дзяце́й.
22 І тады-ж загадаў Ісус вучням Сваім увайсьці ў човен і плы́сьці пе́рш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпу́сьціць народ.
23 І, адпусьціўшы народ, Ён узыйшоў на гару́ памаліцца насамо́це; і ўве́чары астаўся там Адзін.
24 А човен ужо быў пасярэдзіне мора, і яго кідалі хвалі, бо ве́цер быў праціўны.
25 У чацьвёртую-ж старо́жу ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.
26 І вучні, угле́дзіўшы Яго, ідучы па моры, спалохаліся і гаварылі: гэта здань. І ад страху закрычэлі.
27 Але Ісус ураз загаварыў з імі і сказаў: бадры́цеся; гэта Я; ня бойцеся.
28 Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! Калі гэта Ты, скажы мне́ йсьці да Цябе́ па вадзе́.
29 Ён жа сказаў: ідзі. І, выйшаўшы з чаўна, Пётр пайшоў па вадзе́, каб падыйсьці да Ісуса.
30 Але, ба́чачы моцны ве́цер, спужаўся і, пачаўшы тану́ць, закрычэў: Госпадзе, спасі мяне́!
31 Ісус ураз жа працягнуў руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаве́рны! Чаму ты сумляваўся?
32 І, калі ўвайшлі яны ў човен, ве́цер заціх.
33 А быўшыя ў чаўне́ падыйшлі, пакланіліся Яму і сказалі: запраўды́, Ты — Сын Божы!
34 І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генісарэцкую.
35 І людзі тамтэйшыя, пазнаўшы Яго, паслалі ў-ва ўсю ваколіцу тую і прыне́сьлі да Яго ўсіх хворых.
36 І прасілі Яго, каб толькі дакрану́цца да краю вопраткі Яго; і, като́рыя дакрану́ліся, паздараве́лі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.