Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 17 Эвангельле Мацьвея 17 разьдзел

1 А цераз шэсьць дзён бярэць Ісус Пятра, Якава і Іоана, брата яго, і вядзе́ іх на гару́ высокую адных.
2 І перамяніўся перад імі: і зазьяла аблічча Яго, як сонца, адзе́жа-ж Яго ста́лася бе́лая, як сьвятло́.
3 І вось зьявіліся ім Майсе́й і Ільля, размаўляючы з Ім.
4 І, азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе́ адну, і Майсе́ю адну, і адну Ільлі.
5 Калі-ж ён яшчэ гаварыў гэтае, сьве́тлая хмара ацяніла іх; і вось голас із хмары гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой Улю́блены, якому спагада́ю; Яго слу́хайце.
6 І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і дужа перапужа́ліся.
7 Але Ісус, падыйшоўшы, дакрану́ўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся!
8 Падняўшы-ж вочы свае́, яны нікога ня ўгле́дзелі апрача аднаго Ісуса.
9 І, калі зыходзілі яны з гары, Ісус загада́ў ім, кажучы: нікому не кажы́це пра гэтае відзе́ньне, дакуль Сын Чалаве́чы не ўваскрэсьне з мёртвых.
10 І спыталіся ў Яго вучні Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці ране́й?
11 Ісус сказаў ім у адказ: Ільля прыйдзе ране́й і падгатуе ўсё.
12 Я-ж кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, ды не пазналі яго, а ўчынілі проці яго, што хаце́лі; так і Сын Чалаве́чы паце́рпіць ад іх.
13 Тады вучні зразуме́лі, што Ён гаварыў ім пра Іоана Хрысьціцеля.
14 Калі-ж яны прыйшлі да народу, то падыйшоў да Яго чалаве́к і, сукланіўшы перад ім кале́ні,
15 сказаў: Госпадзе! зьлітуйся над сынам маім, які ў маладзік шале́е і цяжка му́чыцца; бо часта кíдаецца ў вагонь і часта ў ваду.
16 Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго.
17 Ісус жа, адказваючы, сказаў: о род няве́рны і распусны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпе́ць вас? прывядзíце яго да Мяне́ сюды.
18 І крыкнуў на яго Ісус; і шата́н выйшаў з яго; і юнак паздараве́ў у тую-ж гадзіну.
19 Тады вучні, прыступіўшыся да Ісуса насамо́це, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?
20 Ісус жа сказаў ім: праз няве́ру вашую: бо запраўды́ кажу вам: калі вы будзеце ме́ць ве́ру, як гарчы́чнае зе́рне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас.
21 Гэты-ж род выганяецца толькі малітваю і постам.
22 У час быцьця іх у Галіле́і Ісус сказаў ім: Сын Чалаве́чы вы́даны будзе ў рукі чалаве́чыя;
23 і заб’юць Яго, і на трэці дзе́нь уваскрэсьне. І яны дужа засмуціліся.
24 Калі-ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, то падыйшлі да Пятра зьбіральнікі даніны і сказалі: Ці ня дасьць скла́дчыны ваш Вучыцель?
25 Ён кажа: так. І, калі увайшоў у дом, то Ісус папярэдзіў яго, кажучы: як табе́ здае́цца, Сымон? цары зямныя з каго бяруць даніну ці падаткі? ці з сваіх сыноў, ці з чужых?
26 Пётр кажа Яму: з чужых. Ісус сказаў яму: значыць, сыны вольныя;
27 але, каб нам не спакусіць іх, пайдзі на мора, кінь вуду і пе́ршую рыбу, якая пападзе́цца, вазьмі; і, расчыніўшы рот, знойдзеш стацір;* вазьмі яго і аддай ім за Мяне і за сябе́.

Каментары ці зноскі:

27 стацір — манэта чатыры драхмы.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.