Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 18 Эвангельле Мацьвея 18 разьдзел

1 У той час вучні прыступіліся да Ісуса, кажучы: хто большы ў царстве нябе́сным?
2 Ісус, прыклікаўшы дзіця́тка, паставіў яго пасярод іх і сказаў:
3 Запраўды́ кажу вам: калі не наве́рнецеся і ня будзеце, як дзе́ці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябе́снае.
4 Дык вось, хто ўма́ліцца, як гэтае дзіцятка, той і большы ў Царстве Нябе́сным.
5 І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне́ прыймае.
6 А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, ве́руючых у Мяне́, таму лепей было-б, калі-б паве́сілі Яму млы́навы ка́мень на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
7 Го́ра сьве́ту ад спакусаў: бо спакусы мусяць прыйсьці; але го́ра таму чалаве́ку, праз якога спакуса прыходзіць.
8 Калі-ж рука́ твая ці нага́ твая спакушае цябе́, адсякі іх і кінь ад сябе́: ляпе́й табе́ ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым з дзьве́ма рукамі і з дзьве́ма нагамі быць укíненым у вагонь ве́чны.
9 І калі вока тваё спакушае цябе́, вырві яго і кінь ад сябе́: ляпе́й табе́ аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чымся з дзьвема вачыма быць укíненым у гее́нну вогненую.
10 Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малы́х гэтых, бо кажу вам, што Ангелы іх на не́бе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго нябе́снага.
11 Бо Сын Чалаве́чы прыйшоў спасаць загінуўшае.
12 Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто аве́ц, і адна з іх заблудзілася, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзе́вяць у гара́х і ці ня пойдзе шукаць заблудзіўшуюся?
13 І, калі ста́нецца, што знойдзе яе́, то запраўды́ кажу вам: ён це́шыцца з яе́ бале́й, чымся з дзевяцьдзесяцёх дзевяцёх няблудзіўшых.
14 Гэтак няма́ волі Айца вашага Нябе́снага, каб загінуў адзін з малы́х гэтых.
15 Калі-ж саграшы́ць проці цябе́ брат твой, пайдзі й дакары́ яго між табою і ім адным; калі паслу́хаецца цябе́, то ты здабыў брата твайго.
16 Калі-ж не паслу́хаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двох, каб вуснамі двох ці трох сьве́дак змацава́лася ўсякае слова.
17 Калі-ж не паслу́хаецца, скажы царкве́, а калі і царквы́ не паслухаецца, то няхай будзе ён табе́, як паганін і мытнік.
18 Запраўды́ кажу вам: што вы зьвя́жаце на зямлі, тое будзе зьвя́зана на не́бе, і што разьвя́жаце на зямлі, тое будзе разьвя́зана на не́бе.
19 Запраўды́ таксама кажу вам, што, калі-б двое з вас на зямлі згодна аб кожную рэч прасілі, дык ста́нецца ім ад Айца Майго, што ў Нябёсах.
20 Бо, дзе́ двое ці трое зыйшліся ў імя Маё, там Я сярод іх.
21 Тады Пётр прыступіўся да Яго і сказаў: Госпадзе! колькі разоў дароўваць брату майму, калі ён саграшы́ць су́праць мяне́? Да сямёх разоў?
22 Ісус кажа яму: не кажу табе́: да сямёх, але да сямёх разоў па семдзесят.
23 Вось чаму Царства Нябе́снае падобна да цара́, які захаце́ў разрахава́цца з слу́гамі сваімі.
24 Калі пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, што вінен быў яму дзе́сяць тысячаў тале́нтаў.
25 А як ня ме́ў чым заплаціць, то валадар яго загадаў прадаць яго, і жонку, і дзяце́й, і ўсё, што ён ме́ў, і заплаціць.
26 Тады слуга той паваліўся і малíў яго, кажучы: валадару! пацярпі мне́, і ўсё табе́ заплачу.
27 Валадар, зьлітаваўшыся над гэным слугою, пусьціў яго і дарава́ў яму доўг.
28 Слуга-ж гэны, вы́йшаўшы, знайшоў аднаго з сябро́ў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне́, што вінен.
29 Тады ся́бра яго ўпаў да ног яго ды маліў яго, кажучы: пацярпі мне́, і ўсё вярну табе́.
30 Але той на захаце́ў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу.
31 Сябры́ яго, ба́чачы ста́ўшаеся, ве́льмі засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі валадару́ свайму ўсё, што сталася.
32 Тады валада́р яго паклікаў яго ды кажа: нягодны нявольніку! Уве́сь твой доўг я дараваў табе́, калі ты папрасіў мяне́;
33 ці-ж не нале́жала й табе́ зьмілава́цца над ся́брам тваім, як і я зьмілава́ўся над табою?
34 І, разгне́ваўшыся, валадар ягоны аддасьць яго ка́там, пакуль ня ве́рне яму ўсяго доўгу.
35 Так і Аце́ц Мой Нябе́сны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца свайго не даруе брату свайму праступкаў ягоных.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.