Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 21 Эвангельле Мацьвея 21 разьдзел

1 І, калі падыходзілі да Ерузаліму і прыйшлі да Віффагіі ля гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двох вучняў, сказаўшы ім:
2 ідзе́це ў сяло, якое проста перад вамі, і зараз жа знойдзеце асьліцу прывязаную і асьлятка з ёю; адвязаўшы, прывядзе́це да Мяне́.
3 І калі-б хто сказаў вам не́шта, адказвайце, што яны патрэбны Госпаду: і зараз пашле́ іх.
4 І ўсё гэтае ста́лася, каб збылося ска́занае праз прарока, які кажа:
5 Скажэ́це дачцэ Сыонавай: вось Цар твой ідзе́ да цябе́ ціхі, се́дзячы на асьліцы і асьляці, сыне пад’ярэмнай (Ісая 62:11 Захарія 9:9).
6 Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус.
7 Прывялі асьліцу і асьлятка і ўзлажылі на іх адзе́жы свае́, і Ён се́ў паве́рх іх.
8 Множства-ж народу пасьцілалі свае́ адзе́жыны на дарозе, а другія рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
9 А народ напе́радзе і за Ім ідучы клікаў: осанна* сыну Давідаваму! Багасла́ўлен ідучы ў імя Гасподняе! Осанна ў вышніх!
10 І, калі ўвайшоў Ён у Ерузалім, усё ме́ста прыйшло ў рух ды гаварыла: хто гэта?
11 Народ-жа гаварыў: гэта Ісус, прарок з Назарэту Галіле́йскага.
12 І ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і вы́гнаў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні, і абярнуў сталы мяняльнікаў і ўслоны прадаўцо́ў галубо́ў.
13 І казаў ім: напісана: дом Мой домам малітвы назьве́цца, а вы зрабілі яго прытонам для разбойнікаў (Ісая 56:7; Ерамія 7:11).
14 І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпы́я й кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.
15 Архірэі-ж і кніжнікі, ба́чачы цу́ды, якія Ён учыніў, і дзяце́й, клікаючых у сьвятыні і гаворачых: Осанна сыну Давідаваму! — абурыліся
16 і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? Ісус жа кажа ім: Так! ці-ж вы ніколі ня чыталі: з вуснаў дзе́так і сасункоў Ты ўчыніў хвалу́? (Псальм 8:3.)
17 І, пакінуўшы іх, выйшаў з ме́ста да Віфаніі і правёў там ноч.
18 А нараніцы, варо́чаючыся да ме́ста, захаце́ў е́сьці.
19 І, угле́дзіўшы пры дарозе смакоўніцу, падыйшоў да яе́ і, нічога не знайшоўшы на ёй, апрача аднаго лісьця́, кажа да яе́: няхай жа ня будзе на табе́ ўпе́рад плоду даве́ку. І смакоўніца ўраз жа засохла.
20 Угле́дзіўшы гэтае, вучні дзіваваліся і гаварылі: як гэта той-жа час засохла смакоўніца?
21 Ісус жа, адказваючы, сказаў ім: Запраўды́ кажу вам: калі-б вы ме́лі ве́ру і не сумляваліся, ня толькі зробіце тое, што з смакоўніцаю, але калі і гарэ гэтай ска́жаце: узьніміся і кінься ў мора, — ста́нецца.
22 І ўсё, чаго будзеце прасіць у малітве з ве́раю, дастанеце.
23 І, калі прыйшоў Ён у сьвятыню і навучаў, прыступіліся да Яго архірэі і старэйшыя з народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэтае чыніш? І хто Табе́ даў гэткую ўладу?
24 Ісус сказаў ім у адказ: спытаюся і Я ў вас адно: калі аб гэтым ска́жаце Мне́, то й Я вам скажу, якою ўладаю гэнае чыню.
25 Хрышчэньне Іоанавае скуль было? з не́ба, ці ад людзёў? Яны-ж разважалі між сабою: калі скажам: з неба, то Ён скажа нам: чаму-ж вы не паве́рылі яму?
26 А калі сказаць: ад людзёў, — баімося народу; бо ўсе́ лічаць Іоана за прарока.
27 І, адказваючы, сказалі Ісусу: ня ве́даем. І Ён сказаў ім: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае ро́блю.
28 А як вам здае́цца? У аднаго чалавека былі два сыны; і ён, падыйшоўшы да пе́ршага, сказаў: сын, пайдзі сяньня рабіць у вінаградніку маім.
29 Але той сказаў у адказ: не хачу́; а пасьля, пака́яўшыся, пайшоў.
30 І, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое-ж. Гэты сказаў у адказ: іду, гаспадар; — і не пайшоў.
31 Каторы з двох вы́паўніў волю айца? Кажуць Яму: пе́ршы. Ісус кажа ім: запраўды́ кажу вам, што мытнікі і блудніцы ідуць у царства Божае напе́радзе вас.
32 Бо прыйшоў да вас Іоан шляхам праўды; і вы не паве́рылі яму, а мытнікі і блудніцы паверылі яму; вы-ж, і бачыўшы гэтае, не пака́яліся пасьля, каб паве́рыць яму.
33 Вы́слухайце другую прыновесьць: быў не́йкі гаспадар дому, каторы насадзіў вінаграднік, агарадзіў яго агарожаю, выкапаў у ім сажалку, пабудаваў ве́жу і, аддаўшы яго вінаградарам, адыйшоў.
34 Калі-ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў — узяць свае́ плады.
35 Вінаградары, схапіўшы слуг яго, аднаго зьбілі, другога, забілі, а іншага пабілі каме́ньмі.
36 Зноў паслаў ён другіх слуг, больш чым ране́й; і з імі зрабілі таксама.
37 Уканцы паслаў ён да іх свайго сына, кажучы: пасаромяцца сына майго.
38 Але вінаградары, угле́дзіўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта наступнік; пойдзем, заб’е́м яго і заўладаем спадчынаю ягонай.
39 І, схапіўшы яго, вы́велі вон з вінаградніку і забілі.
40 Калі-ж пры́йдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
41 Кажуць Яму: злыдняў гэтых аддасьць ліхой сьме́рці, а вінаграднік дасьць другім вінаградарам, каторыя будуць аддаваць яму плады ў свой час.
42 Ісус кажа ім: няўжо-ж вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: камень, які адкінулі будаўнічыя, той самы стаўся галавою вугла; гэта сталася ад Госпада, і ў вачох нашых дзіва (Псальм 117:22−23).
43 Дзеля гэтага кажу вам, што ады́мецца ў вас Царства Божае і дадзена будзе народу, які творыць плады яго.
44 І той, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’е́цца; а на каго ён упадзе́, таго разда́віць.
45 І, пачуўшы прыповесьці Яго, архірэі і фарысэі зразуме́лі, што гаворыць аб іх.
46 І стараліся спайма́ць Яго; але ўбаяліся народу, бо Яго лічылі за прарока.

Каментары ці зноскі:

9 осанна — спасе́ньне.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.