Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 23 Эвангельле Мацьвея 23 разьдзел

1 Тады Ісус прамовіў да народу і вучняў Сваіх
2 і сказаў: на Майсе́явым пасадзе пасе́лі кніжнікі і фарысэі.
3 Дык усё, чаго скажуць вам дзяржа́цца, дзяржы́цеся й рабе́це, але не рабе́це паводле ўчынкаў іх, бо яны гавораць і ня робяць.
4 Бо вяжуць ёрмы цяжкія і непасільныя і ўскладаюць на пле́чы людзям; а самы ня хочуць і пальцам крануць іх.
5 Усе́-ж учынкі свае́ яны робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі* свае і павялічаюць по́лы вопраткі свае́й,
6 ды любяць пе́ршыя ме́сцы на банке́тах і пе́ршыя лавы ў сынагогах,
7 і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: вучыцель, вучыцель!
8 А вы не называйцеся вучыцеля́мі: бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос; усе́-ж вы браты.
9 І айцо́м сабе́ не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Аце́ц, Каторы на нябёсах.
10 І не называйцеся настаўнікамі; бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
11 Большы з вас няхай будзе вам за слугу.
12 Бо хто ўзвышае сябе́, той панíжаны будзе, а хто паніжа́е сябе́, той будзе ўзвы́шаны.
13 Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябе́снае перад людзьмі; бо самы не ўваходзіце і тых, што хочуць увайсьці, не дапускаеце.
14 Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зьядаеце дамы́ ўдоў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта дастанеце цяжэйшы прысуд.
15 Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб навярнуць хоць аднаго; і, калі гэта здарыцца, робіце яго сынам гее́нны, удвая горшым за вас.
16 Го́ра вам, правадыры́ сьляпыя, якія ка́жаце: калі хто прысягае царквою, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам царквы, дык вінаваты.
17 Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Золата, ці царква, асьвячаючая золата?
18 І калі хто прысягне́ жэ́ртвенікам, гэта нічога, а калі хто прысягне́ жэртваю, што на ім, то вінаваты.
19 Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Жэ́ртва, ці жэртвенік, што асьвячае жэ́ртву?
20 Дык той, хто прысягае жэртвенікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім.
21 І хто прысягае царквою, прысягае ёю і жыву́чымі у ёй.
22 І хто прысягае не́бам, прысягае паса́дам Божым і Се́дзячым на ім.
23 Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што даецё дзесяціну з мяты, анíжу і кміну, ды пакінулі найважне́йшае ў законе: суд і міласьць і ве́ру; гэтае трэба было рабіць, дый гэнага не пакідаць.
24 Правадыры́ сьляпыя, што камара́ адцэджваеце, а вярблюда глытаеце!
25 Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу зьве́рху, а ўсярэдзіне поўны драпе́жнасьці і няпраўды.
26 Фарысэй сьляпы́! ачысьці пе́рш сярэдзіну чары і місы, каб чы́стыя былі і зьве́рху.
27 Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што робіцеся падобнымі да памаляваных тру́наў, якія звонку здаюцца харошымі, а ўсярэдзіне поўны касьце́й трупаў і рознае не́чысьці.
28 Гэтак і вы звонку здаецёся людзям сьвятымі, а ўсярэдзіне поўны крывадушнасьці і беззаконьня.
29 Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і прыхарошываеце памятнікі сьвятым,
30 і ка́жаце: калі-б мы былі ў дні айцоў нашых, то ня былі-б супольнікамі іх у крыві прарокаў.
31 Гэткім чынам вы самыя проці сябе́ сьве́дчыце, што вы — сыны тых, якія забівалі прарокаў.
32 Дапаўняйце-ж ме́ру айцоў вашых.
33 Зьме́і, плод яхíдніны! як унíкнеце вы асуджэньня ў гее́нну?
34 Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў і людзе́й мудрых, і кніжнікаў; і вы іншых заб’ецё і раскрыжу́еце, а іншых будзеце біць у школах вашых і гнаць з ме́ста да ме́ста.
35 Няхай жа падзе́ на вас уся кроў сьвятая, пралíтая на зямлі, ад крыві Авеля сьвятога да крыві Захара, сына Варахіінавага, каторага вы забілі між царквою і жэртвенікам.
36 Запраўды́ кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на род гэты.
37 Ерузалім, Ерузалім, забойца прарокаў, каме́ньмі пабіва́ючы пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад кры́льлі, і вы не захаце́лі.
38 Вось жа астаецца вам дом ваш пусты.
39 Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне́ ад сяньня, дакуль ня ска́жаце: багасла́ўлены, хто йдзе́ ў імя Госпада.

Каментары ці зноскі:

5 філяктэрыі — павязкі на лобе й на руках з словамі закону.
16 + вершы 17, 21, 35 — царква = храм.
34 школа = сынагога.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.