1 Тады падобна будзе царства нябе́снае да дзесяцех дзяўчат, якія, узяўшы сьве́тачы, выйшлі насустрэчу жаніху.
2 З іх пяць было разумных і пяць неразумных.
3 Неразумныя, узяўшы сьве́тачы сваі, не ўзялі з сабою але́ю.
4 Мудрыя-ж разам з сьве́тачамі сваімі ўзялі але́й у судзіны свае́.
5 А як жаніх замару́дзіў, то задрамалі ўсе́ і паснулі.
6 Але ў паўночы ўзьняўся крык: вось жаніх ідзе́, выхо́дзьце насустрэчу яму!
7 Тады ўсталі ўсе́ дзяўчаты гэныя і паправілі сьве́тачы сваі.
8 Неразумныя-ж сказалі мудрым: дайце нам вашага але́ю, бо сьве́тачы нашы гаснуць.
9 А разумныя адказалі, кажучы: каб ня зда́рылася недахвату і ў нас і ў вас, пайдзе́це ле́пш да прадаўцоў і купе́це сабе́.
10 Калі-ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і гатовыя ўвайшлі з ім на вясе́льле, і дзьверы зачыніліся.
11 Пасьля прыходзіць і рэшта дзяўчат ды кажуць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам!
12 Ён-жа сказаў ім у адказ: Запраўды кажу вам: ня знаю вас.
13 Дык ня сьпіце, бо ня ве́даеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалаве́чы.
14 Бо, як чалаве́к, выяжджа́ючы, паклікаў слуг сваіх і здаў ім маемасьць сваю.
15 І аднаму даў пяць таля́нтаў,* другому два, іншаму адзін — кожнаму паводле яго сілы.
16 Той, што дастаў пяць таля́нтаў, пайшоў, пусьціў іх у дзе́ла і прыдбаў другіх пяць таля́нтаў.
17 Так сама і той, што дастаў два таля́нты, прыдбаў другія два.
18 А той, што дастаў адзін таля́нт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў серабро гаспадара свайго.
19 Цераз доўгі час прыходзіць гаспадар слуг гэных і трэбуе ў іх справаздачы.
20 І, падыйшоўшы, той, што быў дастаў пяць таля́нтаў, прынёс другія пяць таля́нтаў і кажа: гаспадар! пяць таля́нтаў ты даў мне́; вось другія пяць таля́нтаў я прыдба́ў на іх.
21 Гаспадар яго сказаў яму: добра, добры і ве́рны слуга́! у малым ты быў ве́рны, над многім цябе́ пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
22 Падыйшоў таксама і той, што дастаў два таля́нты, і сказаў: гаспадар, два таля́нты ты мне́ даў, вось другія два таля́нты я прыдба́ў на іх.
23 Гаспадар яго сказаў яму: добра, добры і ве́рны слуга! У малым ты быў ве́рны: над многім цябе́ пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
24 Падыйшоў і той, што дастаў адзін талянт, і сказаў: гаспадар, я ве́даў цябе́, што ты чалаве́к жорсткі: жне́ш, дзе́ ня се́яў, і зьбіраеш, дзе́ не рассыпаў;
25 дык, убаяўшыся, пайшоў і схаваў таля́нт твой у зямлю: вось табе́ тваё.
26 Гаспадар-жа яго сказаў яму ў адказ: благí і ляны́ слуга́! Ты ве́даў, што я жну, дзе́ ня се́яў, і зьбіраю, дзе́ не рассыпаў.
27 Дзеля гэтага нале́жала табе́ аддаць серабро маё таргуючым; і я, прыйшоўшы, дастаў бы сваё з прыбыткам.
28 Дык вазьме́це ў яго таля́нт і дайце маючаму дзе́сяць таля́нтаў.
29 Бо ўсякаму ма́ючаму будзе дадзена і прыўмножыцца, а ў няма́ючага і тое, што ма́е, ўзята будзе.
30 А нягоднага слугу́ кіньце ў це́мру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў.
31 Калі-ж прыйдзе Сын Чалаве́чы ў славе сваёй, і ўсе́ сьвятыя Ангелы з Ім, тады сядзе на паса́дзе славы сваёй.
32 І зьбяруцца перад ім усе́ народы; і аддзе́ліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе аве́ц ад казлоў;
33 і паставіць аве́ц па правай руцэ, а казлоў па ле́вай.
34 Тады скажа Цар тым, што напра́ва ад Яго: прыйдзе́це, багасла́ўленыя Айца́ Майго, насьле́дуйце царства, прыгатаванае вам ад стварэньня сьве́ту.
35 Бо Я хаце́ў е́сьці, і вы накармілі Мяне́; пра́гнуў, і вы напаілі Мяне́; быў у дарозе, і вы прынялі Мяне́.
36 Быў нагí, і вы адзе́лі Мяне́; быў хворы, і вы адве́далі Мяне́; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне́.
37 Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: Госпадзе! калі мы бачылі Цябе́ галодным і накармілі? ці пра́гнучым і напаілі?
38 Калі мы бачылі Цябе́ ў дарозе і прынялі? Ці нагíм і адзе́лі?
39 Калі мы бачылі Цябе́ хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе́?
40 І Цар скажа ім у адказ: запраўды́ кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэных ме́ншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне́.
41 Тады скажа і тым, што нале́ва: ідзе́це ад Мяне́, праклятыя, у вагонь ве́чны, прыгатава́ны чарту і ангелам ягоным.
42 Бо Я хацеў е́сьці, і вы не далі Мне́; пра́гнуў, і вы не напаілі Мяне́;
43 быў у дарозе, і ня прынялі Мяне́; быў нагí, і не адзе́лі Мяне́; быў хворы і ў вязьніцы, і не даве́даліся Мяне́.
44 Тады і яны скажуць Яму ў адказ: Госпадзе! калі мы бачылі Цябе́ галодным, ці пра́гнучым, ці ў дарозе, ці нагíм, ці хворым, ці ў вязьніцы і не паслужылі Табе́?
45 Тады скажа ім у адказ: запраўды́ кажу вам: як вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых ме́ншых, то не зрабілі Мне́.
46 І пойдуць гэтыя на муку вечную, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.
Каментары ці зноскі:
15 таля́нтаў — вага́, серабра.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 25 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.